Дзяржстандарт распрацаваў праграму замяшчэння газу

22.07.2010 16:09
Архив Редакция

У 161 беларускім аб'екце ў 2012-2015 гадах укараняць сістэмы выкарыстання аднаўляльнай энергіі, што прадугледжана новай дзяржпраграмай развіцця крыніцаў аднаўляльнай энергіі, распрацаванай ў Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі Беларусі. Пра гэта распавёў намеснік старшыні Дзяржстандарту, дырэктар дэпартаменту па энергаэфектыўнасці Беларусі Леанід Шанец.

У ходзе рэалізацыі праграмы ў Беларусі плануюць пабудаваць 26 міні-ЦЭЦ, што дазволіць замясціць каля 0,5 млрд. кубаметраў газу, паведаміў Леанід Шанец. Агульны аб’ём выкарыстання альтэрнатыўнай энергіі плануецца павялічыць да васьмі мільёнаў тон умоўнага паліва ў 2015 годзе, а ў 2020 — да 9,5 млн. тон, перадае БелТА.

У сваю чаргу, намеснік міністра энергетыкі Беларусі Юры Рымашэўскі расказаў, што развіццю аднаўляльнай энергетыкі ў Беларусі надаюць вялікую ўвагу. «Гэта найважнейшы напрамак дыверсіфікацыі энергабалансу краіны», — заявіў намеснік міністра.

На сённяшні дзень у рэспубліцы, па словах Юрыя Рымашэўскага, ужо рэалізавалі больш за дзесяць буйных праектаў па развіцці аднаўляльных крыніцаў энергіі. У цяперашні час рэалізуецца шэраг праектаў па гідраэнергетыцы, а таксама пілотны праект па ветраэнергетыцы ў Гарадзенскай вобласці.

Гэта перспектыўныя напрамкі развіцця альтэрнатыўных крыніцаў энергіі, лічыць намеснік міністра энергетыкі. Па дадзеных Юрыя Рымашэўскага, гідрапатэнцыял Беларусі ў хуткім часе дасягне 260 МВт, будзе таксама забяспечаны значны аб’ём вытворчасці электраэнергіі — да аднаго мільярда кВт/г.

Как вам новость?
Головоломки