Дзмітры Лукашэнка скардзіцца на адсутнасць спонсараў

30.06.2010 11:18
Архив Редакция

Дзмітры Лукашэнка, які ўзначальвае з 2005 года рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне «Прэзідэнцкі спартыўны клуб» і перавыбраны на гэтую пасаду 29 чэрвеня, заявіў, што ў сувязі з сусветным эканамічным крызісам значна скарацілася спонсарская дапамога, і, як следства, у цяперашнім годзе фінансавыя паступленні склалі усяго 15% ад узроўню 2008 года.

Як адзначыў кіраўнік «Прэзідэнцкага спартыўнага клуба», у сувязі з крызісам развіццю гаспадарчай дзейнасці і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ў бліжэйшы час будзе нададзена асаблівая ўвага. Ён паведаміў, што арганізацыя вядзе сваю дзейнасць без прыцягнення бюджэтных сродкаў і існуе за кошт членскіх узносаў, спонсарскай падтрымкі і ўласнай гаспадарчай дзейнасці, перадае БелТА.

Дзмітры Лукашэнка таксама выступіў перад дэлегатамі агульнага сходу клуба са справаздачай аб рабоце арганізацыі ў 2005-2010 гадах. Ён адзначыў, што «вынікі дзейнасці Прэзідэнцкага спартыўнага клуба дазваляюць нам з упэўненасцю глядзець у будучыню, ставіць перад сабой новыя, яшчэ больш амбітныя мэты і задачы».

Па словах кіраўніка арганізацыі, у 2005-2010 гадах клуб прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні больш як 400 рэспубліканскіх і міжнародных спартыўных спаборніцтваў, у маштабных спартыўных праектах, у ажыццяўленні некалькіх комплексных рэспубліканскіх праграм, накіраваных на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў і ўдасканаленне трэніровачнага працэсу юных спартоўцаў.

З 2005 года клуб выдаткаваў каля сямі мільярдаў рублёў на папулярызацыю спорту ў Беларусі.

3,483 млрд. рублёў было выдаткавана з 2005 года на правядзенне розных спаборніцтваў, яшчэ 3,249 млрд. рублёў — з 2007 года на выплаты стыпендый, якія былі прадастаўлены 484 юным таленавітым атлетам і больш як 30 маладым перспектыўным трэнерам.

Па словах Дзмітрыя Лукашэнкі пад патранажам клуба ў Беларусі праводзяцца рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па футболе («Скураны мяч»), гандболе («Імклівы мяч»), хакеі («Залатая шайба»), біятлоне, лыжных гонках і страляніне з пнеўматычнай зброі. Таксама клуб арганізуе правядзенне аматарскага чэмпіянату Мінску па хакеі, рэспубліканскіх аматарскіх спаборніцтваў па хакеі, у якіх удзельнічаюць каманды ўсіх абласцей і каманда прэзідэнта Беларусі.

На агульным сходзе «Прэзідэнцкага спартыўнага клуба» быў таксама абраны новы склад цэнтральнага савета арганізацыі. Акрамя Дзмітрыя Лукашэнкі, у яго ўвайшлі: Юры Бародзіч, старшыня цэнтральнага савета рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама»; Анатоль Варывончык, начальнік каманды хакейнага клуба «Нёман» (Горадня); Андрэй Карповіч, выканаўчы дырэктар Прэзідэнцкага спартыўнага клуба; Марына Лобач, алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы, старшыня камісіі «Жанчыны і спорт» выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта; Мікалай Ладуцька, старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта; Віктар Лукашэнка, памочнік прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі; Аляксей Мінкін, генеральны дырэктар хакейнага клуба «Хімвалакно» (Магілёў); Сяргей Сафар’ян, член бюро выканкама, старшыня судзейскага камітэта і камітэта па жаночым футболе Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу»; Юры Чыж, старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы.

Как вам новость?
Головоломки