Дзмітрыеў адмяніў сустрэчу з журналістамі

04.01.2011 17:18
Архив Редакция

Кіраўнік выбарчага штаба былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева — Андрэй Дзмітрыеў таксама адмяніў запланаваную на 4 студзеня прэс-канферэнцыю. Прэс-сакратар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Юлія Рымашэўская пацвердзіла адмену прэс-канферэнцыі Андрэя Дзмітрыева.

«Намі было прынята рашэнне, што ў дадзенай сітуацыі правядзенне прэс-канферэнцыі немэтазгоднае. Аднак у бліжэйшыя дні Андрэй Дзмітрыеў дасць разгорнутае інтэрв’ю, у якім пастараецца даць усе магчымыя адказы», — паведаміла Юлія Рымашэўская, перадае «Беларускі партызан».

Як ужо перадаваў Тэлеграф, экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі таксама адмяніў запланаваную на 4 студзеня сустрэчу з журналістамі. Як паведаміў адказны сакратар БХД, сузаснавальнікам якой з’яўляецца Віталь Рымашэўскі, Дзяніс Садоўскі, каб пазбегнуць паўторнага арышту, былы кандыдат вымушаны быў адмяніць прэс-канферэнцыю па рэкамендацыі КДБ.

Па словах Дзяніса Садоўскага, Віталю Рымашэўскаму растлумачылі, што ў выпадку правядзення запланаванай прэс-канферэнцыі, мера стрымання яму будзе зноў змененая на ўтрыманне пад вартай.

На сённяшні дзень у СІЗА КДБ застаюцца чацвёра былых кандыдатаў у прэзідэнты: Алесь Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч. Яны разам з іншымі ўдзельнікамі несанкцыянаванага мітынгу 19 снежня ў Мінску праходзяць падазраванымі па крымінальнай справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Экс-кандыдата Віталя Рымашэўскага, які таксама знаходзіўся пад арыштам у СІЗА КДБ, адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе 31 снежня.

Как вам новость?
Головоломки