ЕАБР можа выдзеліць Беларусі на энергетыку два мільярды даляраў

04.11.2010 10:38
Архив Редакция

Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) плануе выдзеліць да двух мільярдаў даляраў крэдытаў на фінансаванне праектаў па развіцці беларускай энергетыкі. Аб гэтым 3 лістапада паведаміў старшыня праўлення банка Ігар Фінагенаў. "Мы для сябе вызначылі, што толькі ўдзел ЕАБР у праектах развіцця энергетыкі Беларусі можа скласці 1,5-2 млрд. даляраў», — адзначыў кіраўнік ЕАБР.

«Па іншых напрамках мы таксама рухаемся. Партфель на сённяшні дзень — 630 млн. даляраў. Гэта наш удзел у праектах», — дадаў Ігар Фінагенаў, перадае БелТА.

Па яго словах, банк працягне працу над праектамі ў Беларусі. «Яна дазваляе нам увайсці ў сапраўды цікавыя праекты, эканамічна заможныя, важныя для краіны, якія будуць спрыяць развіццю кааперацыйных і інтэграцыйных сувязяў у ЕўрАзЭС і СНД», — адзначыў ён.

Як паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў, краіна чакае вельмі многага ад супрацоўніцтва з ЕАБР. «Нам прыйдзецца прыцягнуць досыць вялікую колькасць інвестыцыйных рэсурсаў, «доўгіх» грошай, па прымальных стаўках. ЕАБР — адзін з тых фінансавых інстытутаў, якія могуць унесці лепту ў рэалізацыю праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучае пяцігоддзе», — распавёў віцэ-прэм’ер.

Па словах намесніка прэм’ер-міністра, Еўразійскі банк развіцця гатовы прадстаўляць крэдыты Беларусі на тэрмін да 15 гадоў па досыць прывабных стаўках. «Галоўнае, што банк гатовы крэдытаваць нашы інфраструктурныя праекты, якія з’яўляюцца «хрыбтом» эканомікі», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у чэрвені 2010 года Беларусь аплаціла ўзнос у памеры 15 млн. даляраў у статутны капітал Еўразійскага банка развіцця і тым самым завяршыла ўсе неабходныя працэдуры, звязаныя з уступленнем у ЕАБР. Такім чынам, Беларусь стала пятым паўнапраўным удзельнікам банка. Акрамя Беларусі краінамі-удзельніцамі ЕАБР таксама з’яўляюцца Расія, Казахстан, Арменія і Таджыкістан.

Как вам новость?
Головоломки