Эколагі просяць Мядзведзева не даваць грошай на беларускую АЭС

09.03.2011 12:17
Архив Редакция

Да прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева 4 сакавіка звярнуліся расійскія і беларускія грамадскія арганізацыі з просьбай спыніць ўдзел Расіі ў праекце беларускай АЭС і не дапусціць звязанага з гэтым выдзялення сродкаў з дзяржаўнага бюджэту. У сваім звароце эколагі і юрысты таксама ўказалі "на шматлікія парушэнні, дапушчаныя пры правядзенні грамадскага абмеркавання будаўніцтва АЭС".

Акрамя таго, у звароце да прэзідэнта РФ гаворыцца аб адмоўных ацэнках праекту беларускай АЭС, дадзеных незалежнымі экспертамі, сярод якіх вядомыя спецыялісты і навукоўцы, у тым ліку з Аўстрыі і Літвы, перадае БелаПАН.

«Вылучэнне сродкаў на беларускую АЭС з расійскага бюджэту — гэта не проста зніклыя грошы, якія маглі б дапамагчы мадэрнізаваць энергетычную прамысловасць. Гэтыя грошы могуць прывесці да новых аварый на АЭС ва ўжо і так моцна пацярпелай ад Чарнобыля Беларусі», — адзначаюць эколагі.

«Больш за тое, ядзерныя адкіды потым будуць вывозіцца ў Расію, дзе і без таго сітуацыя з адкідамі жахлівая», — заявіў сустаршыня групы «Экозащита!» Уладзімір Слівяк. На яго думку, Дзмітры Мядзведзеў павінен не толькі спыніць выдзяленне сродкаў, але і прызначыць незалежную экспертызу праекта АЭС.

Зварот да расійскага прэзідэнта падпісалі расійскія аб’яднанні «Экаабарона!», «Беллона», Міжнародны сацыяльна-экалагічны саюз, а таксама беларускія — «Экадом», Беларуская партыя «Зялёныя», Грамадская экалагічная экспертыза беларускай АЭС, аргкамітэт па стварэнні руху «Вучоныя за бяз’ядзерную Беларусь» і іншыя.

Как вам новость?
Головоломки