Экс-кандыдатаў Статкевіча і Уса будуць судзіць 11 траўня

28.04.2011 16:18
Архив Редакция

Суд над былымі кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі Мікалаем Статкевічам і Дзмітрыем Усам пачнецца ў 10:30 11 траўня ў судзе Ленінскага раёна Мінску. Разам з імі будуць судзіць таксама Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзмітрыя Буланава. Весці працэс будзе суддзя Людміла Грачова, паведаміў Дзмітры Ус.

«Я знаёміўся з матэрыяламі справы і магу сказаць, што там проста няма доказнай базы. Такое ўражанне, што мяне хочуць тупа пасадзіць. Ні ў пракуратуры, ні ў следстве не знайшлі якіх-небудзь доказаў таго, што мы неяк аказвалі супраціў супрацоўнікам міліцыі. Я ўвогуле сышоў з плошчы Незалежнасці яшчэ да разгону акцыі», — адзначыў палітык, перадае БелаПАН.

Таксама 11 траўня, але ўжо ў судзе Заводскага раёну Мінску будуць судзіць сустаршыню аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і кіраўніка перадвыбарчага штаба экс-кандыдата Віталя Рымашэўскага Паўла Севярынца, журналістку, жонку экс-кандыдата Андрэя Саннікава Ірыну Халіп і кіраўніка перадвыбарчага штаба мікалая Статкевіча Сяргея Марцалева, паведамілі ў прэс-службе БХД.

Як распавяла маці лідара БХД Таццяна Севярынец, па словах адваката, судовы працэс будзе доўжыцца не менш за пяць дзён. Весці яго будзе суддзя Жана Брысіна.

Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК), Андрэя Пазняка, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзмітрыя Буланава — вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК). Аляксандра Класкоўскага абвінавачваюць па абедзвюх частках артыкула 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), па арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 382 (самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы) КК. Паўлу Севярынцу, Ірыне Халіп і Сяргею Марцалеву ставіцца ў віну арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342 КК)

Как вам новость?