Экс-кіраўнік Нацбанка: рублёвыя зарплаты абясцэніліся

27.04.2011 14:54
Архив Редакция

Былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч заявіў, што з прычыны праблемаў з валютай выраслі цэны, прывязаныя да курсу даляра. "Адпаведна, рублёвыя зарплаты абясцэніліся. Схадзіце на рынак, даведайцеся, па якім курсе ў рублях вас папросяць заплаціць за тавар. І, заўважце, не людзі стварылі такую сітуацыю", — падкрэсліў ён.

Па яго словах, афіцыйны курс даляра нерэальны. «4000 рублёў за даляр, а, можа быць, і вышэй. Я мяркую, што наша эканоміка не заслугоўвае большага падзення», — адзначыў Станіслаў Багданкевіч, перадае Euramost.org.

У той жа час экс-кіраўнік Нацбанка лічыць, што ўлады могуць паспрабаваць захаваць цяперашні курс. «Вядома, яго можна захаваць, праводзячы валюнтарысцкую палітыку «праядання». Узяць новыя крэдыты — і «праесці» іх. Прадаць ўласнасць — і «праесці», што рабілі да гэтага. Але гэта тупіковы шлях, і не думаю, што ўрад гэтага не разумее. Рост ВУП вядзе да спусташэння эканомікі. Парадокс, але гэта так. Чым больш расце ВУП, тым большыя ў нас даўгі і падзенне нацыянальнай валюты», — лічыць ён.

Акрамя таго, Станіслаў Багданкевіч раскрытыкаваў рашэнне Нацбанка выкарыстоўваць меркаваны расійскі крэдыт для папаўнення золата-валютных запасаў, які прэзідэнт забараніў марнаваць. «Крэдыты нам патрэбныя, каб нармалізаваць валютны рынак і аднавіць кіравальнасць эканомікай. А, калі крэдыт патрэбны проста для таго, каб грошы ляжалі на рахунку ў Нацбанку, то каму патрэбны такі крэдыт? Рэзерв у прынцыпе трэба ствараць не за кошт крэдытаў, а ў нашых умовах — за кошт дзяржаўнай уласнасці», — сказаў ён.

На яго думку, «народу і бізнэсу трэба аб’явіць аб прымаемых мерах — аб праграме аздараўлення эканомікі і валютна-грашовага рынку». «У гэтай праграме трэба паказаць, што будуць такія і такія знешнія паступленні, чакаецца такая і такая выручка, такія і такія будуць абмежаванні бюджэтных расходаў і крэдытавання неэфектыўных дзяржпраектаў. І ў рамках гэтага праводзіцца дэвальвацыя нацыянальнай валюты ў такіх і такіх межах. Вось калі такім шляхам бізнэсу і насельніцтву будзе абвешчана, то тады, думаю, можна будзе чакаць і стабілізацыі», — сказаў экс-кіраўнік Нацбанка.

Эксперт: Беларусь ад валютнага крызісу можа выратаваць ўвядзенне расійскага рубля

Кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін лічыць, што рубель з трох вядомых функцый грошай з цяжкасцю выконвае паўтары: «Наш рубель, па вялікім рахунку, ніколі не з’яўляўся сродкам накаплення. Ён з цяжкасцю выконваў функцыю ўказання кошту, паколькі кошты ўсіх больш ці менш значных угодаў вызначаліся і вызначаюцца ў далярах і еўра. І беларускі рубель усё больш і больш губляе функцыю сродку плацяжу», — сказаў ён, перадае БелаПАН.

Кіраўнік АМСП заявіў, што найлепшым выхадам з сітуацыі стала б замена беларускага рубля на іншую валюту, лепш за ўсё расійскую, бо ў кіраўніцтва краіны ў правядзенні палітыкі фіксаванага курсу рубля «паўстане вялікая спакуса дадрукоўваць грошы». «Па-першае, з Расіяй прасцей за ўсё дамовіцца. Па-другое, Расія — наш асноўны гандлёвы партнёр, і беларускім суб’ектам гаспадарання, як буйным, так і дробным, было б нашмат прасцей весці справы з расійскімі контрагентамі. Насельніцтва таксама б атрымала пэўныя дывідэнды як у выглядзе магчымасці здзяйсняць угоды ў РФ без канвертавання, так і ў выглядзе валюты, якая ўсё-ткі карыстаецца некаторай павагай», — адзначыў Сяргей Балыкін.

На яго думку, заявы аб магчымай страце Беларуссю часткі суверэнітэту несур’ёзныя. «Па-першае, абсалютнага суверэнітэту ўсё роўна не бывае, і наша эканоміка залежыць ад расійскай. Па-другое, суверэнітэтам трэба яшчэ ўмець карыстацца. На жаль, у сучасных беларускіх умовах тая ж грашова-крэдытная палітыка з інструмента макраэканамічнага рэгулявання ўсё больш ператвараецца ў сродак атрымання палітычных дывідэндаў і дасягненні палітычных перамог», — лічыць эксперт.

Как вам новость?
Головоломки