Эксперымент ДАІ: сотні кіроўцаў праігнаравалі чалавека, які ляжаў на дарозе

31.01.2011 13:16
Архив Редакция

Супрацоўнікі ДАІ Горадні і Гарадзенскай вобласці сумесна з Гарадзенскай гарадской арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і СТАА «Амазіс» 28 студзеня правялі эксперымент. Як распавялі ў ДАІ вобласці, вынікі эксперыменту пакінулі непрыемнае ўражанне. "Уразіла ўласцівая многім абыякавасць у адносінах да цела чалавека, што ляжала на дарозе", — адзначылі арганізатары эксперыменту.

«У ролі ўмоўнага пацярпелага ў першай частцы «спектакля» выступіў манекен жанчыны з роварам. За 15 хвілін міма «цела» на паласе разгону аўтадарогі Мінск-Гродна, якая з’яўляецца самай ажыўленай аўтастрадай вобласці, праехалі сотні машын, і толькі тры кіроўцы спыніліся», — распавялі ў ДАІ.

Па словах супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, двое з кіроўцаў нават змянілі напрамак рух: развярнуўшыся, паехалі ў адваротны бок. «Убачыўшы журналістаў і супрацоўнікаў ДАІ, якія накіраваліся да іх «назіральнага пункта», яны не зразумелі, што сталі удзельнікам эксперыменту. За праяўленае жаданне прыйсці на дапамогу пацярпеламу ў ДТЗ ім і трэцяму неабыякаваму кіроўцу ўручылі аўтамабільныя аксэсуары, памяткі прафілактычнага зместу і святлоадбівальныя павязкі», — адзначылі ў ДАІ.

«У другой частцы эксперыменту, якая доўжылася таксама чвэрць гадзіны, манекен паклалі бліжэй да праезнай часткі, прыбраўшы ад яго ровар. Сітуацыя паўтарылася з той толькі розніцай, што каля месца ўмоўнага наезду спыніліся чатыры кіроўцы», — распавялі ў ДАІ.

Гэтыя вадзіцелі таксама атрымалі ад арганізатараў мерапрыемства падарункі і пачулі на свой адрас словы падзякі за гатоўнасць прыйсці на дапамогу пацярпеламу.
 
Аднак эксперымент на гэтым не скончыўся. «У трэцяй частцы ў якасці «героя» замест манекена выступіў жывы чалавек. Валанцёр Аляксей удаваў з сябе п’янага пешахода. Ён то хістаўся, то спатыкаўся, то падаў на калені, то тармазіў праязджы транспарт — увогуле сваім выглядам і паводзінамі стараўся прыцягнуць да сябе ўвагу. Аднак, як і падчас папярэдніх частак «спектакля», ніхто з людзей не знайшоў часу патэлефанаваць па нумарах «102» і «103»», — канстатавалі ў ДАІ Гарадзенскай вобласці.

«Затое, калі арганізатары эксперыменту вырашылі праверыць, як рэагуюць вадзіцелі на знаходжанне на дарозе патрульнага аўтамабіля, многія святлом фар пачалі папярэджваць тых, хто рухаўся насустрач, аб працуючым паблізу экіпажы ДАІ», — рэзюмавалі ў ДАІ.

Как вам новость?
Головоломки