Эксперт: ад урадаў Беларусі і Расіі можна чакаць чаго заўгодна

18.08.2010 16:59
Архив Редакция

Інфармацыйная вайна, якая пачалася паміж Расіяй і Беларуссю, ужо цяпер наносіць шкоду і Расіі, і Беларусі. Такое меркаванне выказаў кіраўнік фонду «Ліберальная місія», член Грамадскай палаты Расіі Яўген Ясін. Па словах расійскага эксперта, урадам дзвюх краін час спыніцца. "Хаця... Хто яго ведае! Ад нашых урадаў можна чакаць усяго, чаго заўгодна", — сказаў Яўген Ясін.

Кажучы аб тым, як за апошні час змянілася стаўленне ў расійскай палітычнай эліты да Беларусі і яе кіраўніцтва, Яўген Ясін сказаў: «Вы ведаеце, я ў асноўным кручуся сярод людзей, якія адносяцца да лібэральна-дэмакратычных колаў. Якія лічаць, што палітыка Лукашэнкі з самага пачатку была памылковай. Што яго дзеянні па барацьбе з апазіцыяй, уключаючы лёсы людзей, якія, мне здаецца, ужо пакінулі гэты свет, выклікаюць агіду».

«І ўсе гэтыя фільмы, якія ў нас пачалі апошнім часам паказваць, прызначаны людзям, якія да гэтага часу думалі пра Лукашэнку добра. На нашу думку, гэтыя фільмы нічога не аднялі і не дадалі. Нам гэта ўсё і раней было добра вядома. А іншыя людзі, больш шырокія колы грамадскасці, можа, і змянілі сваё меркаванне аб ім, я не ведаю», — цытуе расійскага эксперта Euramost.org.

Па словах Яўгена Ясіна, прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін разглядае Лукашэнку ў нейкім сэнсе як канкурэнта. «І проста — яны вельмі падобныя! Я лічу, што яны падобныя па палітычным успрыманні сітуацыі ў сваіх краінах, у дапушчальнасці аўтарытарнага рэжыму для праходжання дадзенага этапу развіцця, а асабліва таму, што ўлада належыць ім. І таму — чаму тут здзіўляцца? Таму Лукашэнку Крэмль і церпіць, што ён зручны ім», — лічыць Яўген Ясін.

Па словах члена Грамадскай палаты Расіі, ён таксама не бачыць прыкметаў таго, што Крэмль задумаў змену беларускага кіраўніцтва. «Таму, што я не бачу сур’ёзных кантактаў з беларускай апазіцыяй. Я не бачу працы па падрыхтоўцы змены. І, акрамя таго, шчыра кажучы, з палітычнага пункту гледжання Лукашэнка расійскую ўладу вельмі нават задавальняе — яны моцна падобныя адно на аднаго», — мяркуе Яўген Ясін.

У заключэнне расійскі эксперт адзначыў: «Я думаю, што ёсць пэўная доля розуму ў Пуціна і, спадзяюся, у Лукашэнкі. Яны недзе павінны спыніцца. Ужо цяпер тое, што адбываецца наносіць шкоду і Расіі, і Беларусі. У вачах міжнароднай супольнасці рэпутацыя нашых урадаў ставіцца пад пагрозу. Ды і ў вачах уласных грамадзянаў».

Как вам новость?
Головоломки