Эксперт: беларускія ўлады адмаўляюцца ад рэформы банкаўскай сістэмы

29.12.2010 12:31
Архив Редакция

У аўторак, 28 снежня, два найбуйнейшыя банкі Беларусі — "Беларусбанк" і "Белаграпрамбанк" — правялі пазачарговыя сходы акцыянераў. Як паведамілі ў ААТ "Белаграпрамбанк", на парадак дня выносілася пытанне аб павелічэнні статутнага фонду на трыльён рублёў. На думку эксперта Даследчага цэнтра ІПМ Дзмітрыя Крука, гэта сведчыць пра нежаданне дзяржавы праводзіць рэформы ў банкаўскай сістэме.

ААТ «Беларусбанк» і ААТ «Белаграпрамбанк» з’яўляюцца ключавымі гульцамі ў банкаўскім сектары Беларусі. На іх долю прыпадае дзве траціны актываў і больш за 40% прыбытку ўсёй банкаўскай сістэмы. Акрамя таго, за гэтымі банкамі замацаваны абавязак па абслугоўванні дзяржаўных праграмаў, таму, па словах эксперта, дзяржава рэгулярна аказвае фінансавую падтрымку гэтым банкам, перадае БелаПАН.

Разам з тым, яшчэ ў 2009 годзе ўлады Беларусі ў рамках дамоўленасцяў з МВФ ўзялі на сябе абавязацельствы не павялічваць статутныя фонды дзяржбанкаў за кошт сродкаў дзяржбюджэту, а таксама разгледзець магчымасць стварэння ў краіне спецыялізаванага фінансавага агенцтва, якое б займалася выдачай крэдытаў пад дзяржаўныя праграмы.

Крук: дзяржава і надалей будзе праводзіць квазіфіскальныя аперацыі

«Новая рэкапіталізацыя дзяржаўных банкаў азначае фактычна адмову ад стварэння ў краіне спецыялізаванага фінансавага агенцтва. Гэта сігнал таго, што практыка правядзення квазіфіскальных аперацый, калі праз дзяржбанкі фінансуюцца дзяржпраграмы, будзе прадоўжана. Адпаведна, аб істотных змяненнях у банкаўскім сектары Беларусі сёння наўрад ці выпадае гаварыць», — падкрэсліў Дзмітры Крук.

Як раней перадаваў Тэлеграф, Міжнародны валютны фонд яшчэ ў верасні гэтага года выказваў сваю заклапочанасць тым, што Беларусь не выканала сваіх абавязацельстваў, узятых пры адкрыцці ў 2008 годзе праграмы крэдытавання. Кіраўнік прадстаўніцтва МВФ у Беларусі Наталля Калядзіна адзначыла, што ўрад Беларусі абяцаў знізіць нагрузку на дзяржаўныя банкі пры крэдытаванні прадпрыемстваў, стварыўшы для гэтага спецыялізаванае агенцтва, але на гэты крок так і не пайшла.

Разам з тым, на думку прадстаўніка МВФ, фінансавае агенцтва ў сярэднетэрміновым плане дапамагло б стабілізацыі банкаўскай сістэмы, а банкі, перадаўшы крэдыты пад дзяржаўныя праграмы ў спецыялізаванае агенцтва, змаглі б змяніць метады і стыль свайго кіравання і стаць больш прывабнымі для інвестараў.

Как вам новость?
Головоломки