Эксперт: Лукашэнка перайграў сам сябе

19.08.2010 09:19
Архив Редакция

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Расія аказвае на беларускае кіраўніцтва ціск, і Мінску гэта, безумоўна, не падабаецца. Пра гэта заявіў 18 жніўня беларускі палітолаг Дзмітры Балкунец. "У сітуацыях, аналагічнай той, у якой зараз знаходзіцца Лукашэнка, неабходна вызначацца, на чыім баку весці гульню, — лічыць эксперт. — Выйшла так, што тут Лукашэнка фактычна перайграў сам сябе".

Дзмітры Балкунец адзначыў, што адной з кропак, па якіх аказваецца гэты ціск, з’яўляецца пытанне прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асетыі. «Пазіцыя Лукашэнкі, з-за якой ён не прызнаў гэтыя рэспублікі, зразумелая і відавочная. У Беларусі ў гэтым выпадку, безумоўна, узніклі б пэўныя цяжкасці ў адносінах з Захадам, а беларускі прэзідэнт акурат спрабуе сядзець на двух крэслах. Гэтага ў яго не атрымліваецца», — цытуе палітолага ІА «REGNUM-Беларусь».

«Лукашэнка не атрымаў чаканага эфекту. Калі раней беларускі лідар спрабаваў выманьваць пад гэтае пытанне крэдыты — у прыватнасці, ён нават расказваў, што Масква патрабавала ад яго прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асетыі ў абмен на фінансаванне — то на дадзены момант прызнанне гэтых рэспублік Беларуссю не ўяўляе для Масквы вялікай важнасці. Лукашэнка ўпусціў час», — лічыць Дзмітры Балкунец.

На думку эксперта, падчас перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі ў расійска-беларускіх адносінах можна чакаць новых абвастрэнне. «Спадару Лукашэнку неабходна бачыць праціўніка, супраць якога трэба гуляць, і ён будзе старацца запэўніць электарат у сваёй ролі абаронца айчыны. Часткова яго пазіцыя зразумелая: калі козыры сыходзяць з рук, то застаецца толькі заняць пазіцыю нацыянальнага лідара», — сказаў палітолаг.

Балкунец: калі Крэмль дасць грошай, то Лукашэнка зноў пачне вельмі любіць Расію

Эксперт таксама лічыць, што на дадзены момант ў беларускага лідара няма ніякіх перашкодаў для перавыбрання на чарговы прэзідэнцкі тэрмін. «Цяжкасці ўзнікнуць потым. Тая «пяцігодка», якую ён сабе прызначыў, будзе значна больш складанай, чым цяперашняя. Па-першае, Беларусь губляе свае транзітныя пазіцыі. Калі ўступяць у дзеянне Паўночны і Паўднёвы «патокі» і БТС-2, у Расіі з’явіцца добрая магчымасць для перадыслакацыі шляхоў транспартовак сваёй сыравіны ў абыход Беларусі», — канстатаваў Дзмітры Балкунец.

«Гэта значыць, Мінск будзе пазбаўлены магчымасці аказваць ціск на Маскву праз перакрыццё трубы. Гэта сур’ёзная параза Лукашэнкі, ён губляе вельмі істотны козыр. Па-другое, яму трэба вырашаць праблемы рэсурснага забеспячэння рэспублікі, бо яе нафтаперапрацоўчыя заводы да гэтага часу не загружаныя. Менавіта для гэтага ў кастрычніку гэтага года Лукашэнка едзе ў Іран», — адзначыў палітолаг.

Гаворачы аб магчымай рэакцыі афіцыйнага Мінску на прапанову грузінскага і малдаўскага лідараў Міхаіла Саакашвілі і Міхая Гімпу аб далучэнні Беларусі да ГУАМ, эксперт заявіў, што Лукашэнка на гэта не пойдзе. «Гэта не ўяўляе для рэспублікі ніякай рэальнай каштоўнасці. Ніякіх фінансавых бонусаў гэта не прынясе. Лукашэнка заўсёды імкнецца атрымаць эканамічную выгаду. Уступіць у ГУАМ азначае напакасціць Расіі, не атрымаўшы пры гэтым бачнага эканамічнага эфекту», — лічыць эксперт.

«Галоўнае для Мінску — хто больш дасць грошай. Калі Крэмль будзе даваць грошы, то заўтра Лукашэнка зноў пачне вельмі любіць Расію», — падсумаваў Дзмітры Балкунец.

Как вам новость?