Эксперт: НАТО і Расія будуць змагацца за Беларусь

11.11.2010 12:37
Архив Редакция

Эксперт Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў лічыць, што паміж НАТО і Расіяй "за Беларусь будзе вялікая бітва". "Праблема для НАТО — так званы "балтыйскі балкон", для Расіі — Калінінградская вобласць, і тут ключавое пытанне — тэрыторыі Беларусі", — растлумачыў эксперт, выступаючы 9 лістапада ў Мінску на грамадскай дыскусіі, прысвечанай праблемам беларускай арміі.

На думку эксперта, супрацоўніцтва з НАТО беларускія ўлады разглядаюць у якасці запаснога варыянту. «Відавочна, што беларускія ўлады трымаюць супрацоўніцтва з НАТО як запасны плацдарм. У тым выпадку, калі адносіны з Расіяй сапсуюцца канчаткова, каб можна было гладка перайсці на супрацоўніцтва ў рамках альянсу», — заявіў Дзяніс Мельянцоў.

Разам з тым, па словах эксперта, на тэхнічным узроўні адносіны Беларусі і НАТО развіваюцца даволі хуткімі тэмпамі, але шараговым грамадзянам пра гэта вядома мала, бо адначасова з гэтым у дзяржаўных СМІ НАТО паўстае ў вобразе ворага Беларусі. У афіцыйнай ваеннай дактрыне Беларусі пашырэнне НАТО таксама называецца пагрозай. Нягледзячы на гэта, адзначыў эксперт, беларускія вайскоўцы ўдзельнічаюць у сумесных вучэннях з НАТО, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«З 2005 года беларускія вайскоўцы прымаюць удзел у вучэннях пад эгідай НАТО. Падобныя вучэнні праходзілі, напрыклад, у Албаніі, Украіне. І беларуская міратворчая рота знаходзілася пад камандаваннем натаўскіх афіцэраў», — паведаміў Дзяніс Мельянцоў.

У сваю чаргу ваенны аналітык Аляксандар Алесін лічыць, што гэта «пакуль толькі схема і гульні розуму». «Тыя 20 афіцэраў на вучэннях, і рота — непараўнальныя з адзінай групай сухапутных сіл, створанай Беларуссю і Расіяй, якая будзе налічваць дзясяткі тысяч вайскоўцаў, тысячы танкаў і г.д. Казаць аб тым, што ў нас да такой ступені будзе развіта супрацоўніцтва з НАТО — цяжка. Як той казаў, не пры нашым жыцці», — заявіў аналітык.

Эксперт: Расія не адпусціць Беларусь у НАТО

Аляксандр Алесін лічыць, што Расія мае занадта вялікі ўплыў на Беларусь, таму неасцярожны крок Беларусі ў бок НАТО можа прывесці да велізарных наступстваў. «Цяжка ўявіць сабе, што Расія адпусціць Беларусь у НАТО. У гэтым выпадку можна думаць аб самых жорсткіх сцэнарах», — падкрэсліў эксперт.

З такім меркаванне пагадзіўся і былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі. Ён перакананы, што ўступленне ў НАТО — гібель для Беларусі. «Калі Беларусь будзе ўступаць у НАТО — гэта вельмі вялікія выдаткі. Нам цяжка ўявіць гэтыя лічбы. Сёння трэба вырашыць пытанні дэмакратызацыі арміі, прыняць закон аб альтэрнатыўнай службе — вось пра што трэба думаць, а не аб уступленні ў НАТО», — заявіў Павел Казлоўскі.

Грамадская дыскусія была арганізавана ГА «дыскусійна-аналітычнае таварыства Ліберальны клуб». Як паведамілі ў арганізацыі, прадстаўнікі міністэрства абароны Беларусі адмовіліся ад удзелу ў грамадскім абмеркаванні праблемаў беларускай арміі і канцэпцый яе развіцця, матывуючы гэта тым, што «міністэрства валодае поўным наборам інструментаў для фармавання грамадскай думкі і не мае патрэбы ў пасярэдніку ў асобе ГА «Ліберальны клуб»».

Как вам новость?