Эксперт: павышэнне стаўкі рэфінансавання на руку насельніцтву

12.03.2011 12:55
Архив Редакция

Нядаўняе павышэнне стаўкі рэфінансавання на 1,5% да 12% гадавых на руку насельніцтву, але негатыўна адаб'ецца на прадпрыемствах. Такое меркаванне выказаў эканаміст Леанід Злотнікаў. "Грошы пры павышэнні стаўкі рэфінансавання даражэюць, і ў выніку грашовая маса ў абарачэнні крыху скарачаецца. Адпаведна, памяншаецца і інфляцыя", — растлумачыў эксперт. 

«Горш ад гэтага будзе прамысловасці. Прадпрыемствы і так не вельмі ахвотна бралі крэдыты, паколькі ім цяжка вяртаць іх. А вось для людзей і прадпрыемстваў, якія губляюць на інфляцыі, меры, якія стрымліваюць яе, у тым ліку і павышэнне стаўкі рэфінансавання, толькі палепшаць сітуацыю. Губляюць на гэтым крэдыторы, пазычальнікі (суб’екты гаспадарання), а насельніцтва выйграе», — заявіў Леанід Злотнікаў.

Па словах эксперта, ад высокай інфляцыі выйграе бюджэт дзяржавы, бо прыбытак прадпрыемстваў і падаткі аказваюцца штучна завышанымі. У сваю чаргу ў прадпрыемстваў без абаротных сродкаў, з нізкай рэнтабельнасцю інфляцыя «вымывае» грошы на карысць дзяржбюджэту, растлумачыў Леанід Злотнікаў.

У сваю чаргу эканаміст Сяргей Чалы лічыць цяперашняе падвышэнне стаўкі рэфінансавання (якая цяпер складае амаль палову нормы інфляцыі на 2011 год) наступствам «раздачы сланоў» у канцы мінулага года, перадае «Заўтра тваёй краіны».

«У мінулым годзе ў нас была задача забеспячэння эканамічнага росту, вось і атрымалі вынік. Зараз змагаемся з наступствамі», — заявіў Сяргей Чалы.

Тым не менш, на думку спецыяліста, цяперашняе павышэнне стаўкі рэфінансавання не з’яўляецца вельмі істотным. «У прынцыпе, гэта вымушаная мера з мэтай памяншэння грошай у эканоміцы, паколькі сапраўды ідзе разгон інфляцыі. Стаўка рэфінансавання падымаецца, каб Нацыянальнаму банку не даводзілася субсідаваць крэдытораў. Ідэя такая: зрабіць менш даступнымі рублёвыя рэсурсы для пазычальнікаў і, адпаведна, больш прывабнымі рублёвыя дэпазіты», — растлумачыў эксперт.

Як раней перадаваў Тэлеграф, з 16 сакавіка 2011 года Нацыянальны банк Беларусі павышае стаўку рэфінансавання на 1,5% да 12% гадавых. Адпаведная пастанова было прынята праўленнем Нацбанка 10 сакавіка «ў мэтах адэкватнага рэагавання на павышэнне ўзроўню інфляцыі, якое назіралася ў пачатку бягучага года».

Між тым у 2011 годзе Нацбанк плануе ўсталяваць стаўку рэфінансавання на ўзроўні 8-10% гадавых пры прагназаванай інфляцыі 7,5-8,5%. Палажэнне аб гэтым змяшчаецца ва ўказе № 597 «Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2011 год», падпісаным 19 лістапада прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Как вам новость?