Эксперты: для альтэрнатыўнай службы трэба будзе даказваць свае перакананні

11.11.2010 12:03
Архив Редакция

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці занепакоеныя некаторымі палажэннямі распрацоўванага ў Беларусі законапраекта "Аб альтэрнатыўнай службе". У прыватнасці, трывогу выклікае пункт аб неабходнасці даказваць свае перакананні, па якіх маладыя людзі не могуць узяць у рукі зброю, а таксама павелічэнне тэрміну такой службы.

Кіраўнік Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова 9 лістапада ў ходзе грамадскай дыскусіі па праблемах беларускай арміі нагадала, што тэма ўвядзення ў Беларусі інстытуту альтэрнатыўнай грамадзянскай службы актуальная з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, аднак гэтае пытанне да гэтага часу не вырашана, перадае БелаПАН.

Палітолаг Юры Чавусаў падкрэсліў той факт, што ў Беларусі да гэтага часу няма закона аб альтэрнатыўнай службе, што, на думку эксперта, з’яўляецца прамым парушэннем 57-га артыкулу Канстытуцыі. «Такі закон патрэбен. Заслугоўвае павагі грамадзянская пазіцыя тых людзей, якія самааддана пайшлі пад суд, нават у турму для таго, каб звярнуць увагу на праблему», — падкрэсліў эксперт.

Як адзначыла Алена Танкачова, толькі ў пачатку 2010 года пад ціскам грамадзянскай супольнасці прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць адпаведны законапраект. Для яго распрацоўкі пры мінпрацы была створана ўрадавая камісія. Законапраект павінны былі прадставіць ураду яшчэ ў верасні.

Танкачова: ваенныя наклалі на законапраект грыф «для службовага карыстання»

«Нягледзячы на заявы вайскоўцаў аб недатычнасці да падрыхтоўкі дакумента, менавіта вайсковае лобі ініцыявала накладанне на гэты акт грыфа «Для службовага карыстання»», — адзначыла кіраўніца Цэнтра прававой трансфармацыі.

Аднак прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці азнаёміліся з тэкстам законапраекта, і некаторыя яго палажэнні выклікаюць у іх трывогу. У першую чаргу, гэта датычыцца патрабавання доказу патэнцыйнымі кандыдатамі на альтэрнатыўную службу сваіх перакананняў, па якіх яны не могуць узяць у рукі зброю. «Мы лічым, што дастаткова заявы аб сваіх перакананнях», — растлумачыла Алена Танкачова.

Іншыя палажэнні дакументу, якія выклікалі пытанні ў грамадскасці, — гэта тэрмін альтэрнатыўнай службы, які прапануецца зрабіць у два разы большым, чым тэрмін тэрміновай службы; праходжанне альтэрнатыўнай службы не па месцы жыхарства; некаторыя абмежаванні правоў на час праходжання альтэрнатыўнай службы.

Пры гэтым Алена Танкачова станоўча ацаніла прадстаўляную праектам закона магчымасць скарыстацца альтэрнатыўнай службай не толькі па рэлігійных, але і па іншых перакананнях — напрыклад, пацыфісцкіх.

Как вам новость?
Головоломки