Еўрадэпутат: беларусы не хочуць дэмакратыі

03.02.2011 14:11
Архив Редакция

Дэпутат Еўрапарламенту ад нямецкай Партыі зялёных Элізабэт Шродтэр заявіла, што грамадзяне Беларусі гатовыя мірыцца з тым, што адбываецца ў краіне, бо не вераць, што дэмакратыя прынясе ім больш выгодаў, чым цяперашні лад. Да таго ж, па яе словах, яны сумняюцца, што могуць змяніць сітуацыю. "Але я лічу, што яны могуць. Людзі павінны быць больш актыўнымі і не мірыцца з сітуацыяй", — адзначыла еўрадэпутат. 

«На маю думку, галоўны недахоп беларускім апазіцыі ў тым, што яна не здольная стварыць рэальную альтэрнатыву Лукашэнку. Не хапае праграмы, альтэрнатыўнай стратэгіі, якая б была дастаткова вядомая ў грамадстве, зразумелая і выклікала давер», — лічыць Элізабэт Шродтэр, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Змены прыходзяць не звонку, а знутры. Мы не можам прынесці ў краіну дэмакратыю, гэта павінна зыходзіць ад грамадзянскай супольнасці», — заявіла палітык.

Шродтэр: беларусы павінны ўбачыць ЕС і поспехі дэмакратыі

Еўрадэпутат адзначыла, што яна задаволеная рашэннямі Рады ЕС і сумняецца ў карысці эканамічных санкцый, аднак падтрымлівае зняцце візавых бар’ераў для грамадзян Беларусі. «На жаль, польская прапанова прыбраць візавыя зборы для грамадзян не знайшла падтрымкі сярод іншых краін ЕС. Бо вельмі важна паказаць, хто нясе адказнасць за цяперашнюю сітуацыю. З аднаго боку, пашырэнне візавых санкцый супраць адказных чыноўнікаў. З іншага, важна, каб простыя беларусы мелі магчымасць бачыць, як развіваюцца краіны ЕС і наколькі паспяховая дэмакратыя», — падкрэсліла Элізабэт Шрoдтэр.

Яна таксама паведаміла, што ў ЕС не хочуць прымаць беларускіх дэпутатаў у парламенцкае вымярэнне ініцыятывы «Усходняе партнёрства» Еўранэст. «Яны нават не выказалі пратэсту па апошніх падзеях, запалохвання, якія адбываюцца ў Беларусі. Таму нам цяжка прыняць такіх людзей», — рэзюмавала еўрадэпутатка.

Як паведамляў Тэлеграф, еўрадэпутат ад Літвы, член дэлегацыі Еўрапарламенту па сувязях з Беларуссю і віцэ-старшыня падкамісіі па правах чалавека Лайма Андрыкене заявіла, што міністры замежных спраў ЕС не змаглі дамовіцца па пытанні спрашчэння візавага рэжыму для грамадзян Беларусі. Яна таксама адзначыла, што дадзенае пытанне неабходна вырашаць пасля вызвалення Мінскам ўсіх затрыманых апазіцыянераў.

Как вам новость?
Головоломки