Еўрадэпутат: бясплатных візаў для беларусаў не будзе

03.02.2011 10:32
Архив Редакция

Еўрадэпутат ад Літвы, член дэлегацыі Еўрапарламенту па сувязях з Беларуссю і віцэ-старшыня падкамісіі па правах чалавека Лайма Андрыкене заявіла, што міністры замежных спраў ЕС не змаглі дамовіцца па пытанні спрашчэння візавага рэжыму для грамадзян Беларусі. Яна таксама адзначыла, што дадзенае пытанне неабходна вырашаць пасля вызвалення Мінскам усіх затрыманых апазіцыянераў. 

«Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. І пакуль мы гэта бачым, важна сказаць: «Так не павінна быць». У Еўропе такога быць не можа. Усё роўна, уваходзіць гэтая краіна ў ЕС або не. Такога быць проста не можа ў XXI стагоддзі. А потым будзем вырашаць іншыя пытанні, у тым ліку візавага рэжыму для грамадзян Беларусі», — паведаміла еўрадэпутат, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Лайма Андрыкене таксама адзначыла, што Літва прадпрымае розныя крокі, каб вызваліць затрыманых. Доказам чаго, па яе словах, з’яўляецца нядаўні візіт у Вільню кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзіміра Макея.

Акрамя таго, еўрадэпутат пракаментавала чаму заявы еўрадэпутатаў па Беларусі адрозніваюцца ад тэксту рэзалюцыі, прынятай міністрамі замежных спраў краін ЕС. «Хтосьці спадзяваўся, што санкцый не будзе. Але яны ёсць. Гэта першы крок. Па-мойму, добра выказана пазіцыя Еўрасаюза, якую можна было дасягнуць. Але Еўрапарламент больш вольны, каб сказаць, што мы адчуваем і думаем насамрэч. А міністры яны звычайна глядзяць на рашэнне вельмі прагматычных пытанняў. Таму іх пазіцыя больш асцярожная», — падкрэсліла Лайма Андрыкене.

Андрыкене: 4 лютага ў Вільні пройдзе яшчэ адна канферэнцыя па Беларусі

Акрамя таго, Лайма Андрыкене распавяла, што на 4 лютага намечана правядзенне чарговай міжнароднай канферэнцыі па Беларусі.

«Наколькі я ведаю, ад Еўрапарламенту буду я адна. Але туды прыедуць эксперты, журналісты, прадстаўнікі Сенату ЗША. З іншых краін Еўрасаюза таксама будуць прысутнічаць палітыкі, дыпламаты, журналісты і, натуральна, прадстаўнікі нашага рэгіёну», — распавяла еўрадэпутатка.

Яна таксама паведаміла, што спіс неўяздных у ЕС беларускіх чыноўнікаў фармавала еўрапейская камісія, якая «каардынуе свае рашэнні з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі краін Еўрасаюза з Беларусі, а таксама думаю, што з няўрадавымі арганізацыямі і з праваабаронцамі».

Як паведамляў Тэлеграф, новы пакет санкцыяў Еўрасаюза ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку і прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, уступіў у сілу 2 лютага. У дачыненні да 157 прадстаўнікоў уладаў Беларусі ЕС прыняў рашэнне замарозіць усе іх актывы і эканамічныя рэсурсы, візавыя санкцыі ўжытыя да 158 чыноўнікаў.

Как вам новость?