Еўрадэпутат запатрабаваў выправіць «чорны спіс» беларускіх чыноўнікаў

08.02.2011 10:25
Архив Редакция

Польскі еўрадэпутат Марэк Мігальскі звярнуўся у Раду Еўрасаюза з просьбай унесці змены ў спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС. На яго думку, "спіс змяшчае шмат недакладнасцяў і відавочныя фактычныя памылкі". У прыватнасці, палітык адзначае, што большасць імёнаў чыноўнікаў даецца ў транскрыпцыі не з беларускай, а з рускай мовы. 

«Беларуская версія прадстаўлена толькі для 35 асоб. У выдаваных ў Беларусі, пашпартах лацінскім алфавітам запісаная ангельская транскрыпцыя беларускай версіі, а не рускай», — заявіў еўрадэпутат, перадае PAP.

Марэк Мігальскі таксама паведамляе аб наяўнасці ў спісе шэрагу факталагічных памылак. Так, у ім прыводзяцца імёны двух генпракурораў і старшыняў КДБ, а журналістка газеты «Савецкая Беларусь — Беларусь Сёння» Ганна Шадрына пасля падзей 19 снежня падала ў адстаўку. «Многім асобам прыпісаны функцыі, якія тыя выконвалі некалькі гадоў таму», — падкрэсліў заяўнік.

«З гэтага вынікае, што кіраўнікі МЗС ЕС, якія ёсць аўтарамі спісу, не праверылі, ці па-ранейшаму асобы, уключаныя ў спіс 2006 года, выконваюць свае абавязкі. Няправільная жа транскрыпцыя прозвішчаў асоб, уключаных у спіс, можа прывесці да адваротных вынікаў. Большасць людзей у спісе можа вольна перамяшчацца па ЕС і суседніх краінах-партнёрах, паколькі іх імёны адрозніваюцца ад тых, што ў спісе. Такая сітуацыя з’яўляецца непрымальнай», — заявіў Марэк Мігальскі, папрасіўшы не дапускаць падобных памылак у будучыні.

Як паведамляў Тэлеграф, новы пакет санкцыяў Еўрасаюза ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку і прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, уступіў у сілу 2 лютага. У дачыненні да 157 прадстаўнікоў уладаў Беларусі ЕС прыняў рашэнне замарозіць усе іх актывы і эканамічныя рэсурсы. Візавыя санкцыі ўжытыя да 158 чыноўнікам.

Між тым ЕС уключыў у пералік ўжо памерлага чалавека. Змешчаны на трэцяй пазіцыі Міхаіл Пішчулёнак, былы старшыня Віцебскай абласной выбарчай камісіі, памёр яшчэ ў 2009 годзе.

Как вам новость?
Головоломки