08.04.2011 10:17
Архив

Дэпутаты Еўрапейскага парламенту 7 красавіка на паседжанні ў Страсбургу не змаглі выпрацаваць адзіную пазіцыю наконт захадаў па выкананні міжнародных стандартаў бяспекі на АЭС, якія плануюцца і будуюцца ў Еўропе, у тым ліку ў Беларусі і Расіі. У выніку канчатковы тэкст рэзалюцыі быў адхілены большасцю галасоў.

Супраць прадстаўленага варыянту рэзалюцыі выступілі 300 дэпутатаў, «за» выказаліся 264 парламентарыі, 61 устрымаўся. Як адзначылі ў Еўрапарламенце, гэта стала вынікам «рознагалоссяў паміж палітычнымі групамі».

Між тым у рэзалюцыі, якую разглядалі еўрапарламенцёры, утрымліваўся заклік да Еўракамісіі ў супрацоўніцтве з МАГАТЭ «аказаць канструктыўны ціск на Беларусь і Расію, паклікаўшы іх да выканання міжнародных стандартаў бяспекі і супрацоўніцтва з міжнароднымі экспертамі на ўсіх этапах падрыхтоўкі, будаўніцтва і эксплуатацыі атамных электрастанцый».

Дадзены заклік быў ініцыяваны парламенцкай групай «Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу». Распрацоўка праектаў новых АЭС у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі выклікала ў чальцоў дадзенай палітычнай групы «вялікія асцярогі з нагоды стандартаў атамнай бяспекі і захавання адпаведных абавязацельстваў у рамках міжнародных канвенцый».

У цяперашні час Еўракамісія распрацоўвае крытэрыі для стрэс-тэстаў, якія дазволяць ацаніць магчымасці АЭС — ці зможа станцыя вытрымаць прыродны катаклізм ці напад. Пра гэта паведаміў еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Отынгер. Пералік гэтых крытэрыяў пасля накіруюць у Еўрапарламент і ўжо да канца траўня іх плануюць апублікаваць. Па меркаванні еўракамісара, стрэс-тэсты павінны праводзіцца рэгулюючымі органамі той краіны, дзе знаходзіцца АЭС.

З неабходнасцю правядзення стрэс-тэстаў дэпутаты ў цэлым пагадзіліся, аднак некаторыя з іх раскрытыкавалі падыход Еўракамісіі да iх правядзення — на добраахвотнай і нацыянальнай аснове, перадаюць «Беларускія навіны».

Так, прадстаўнік шведскіх лібералаў Лена Ек лічыць прапанаваныя стрэс-тэсты «занадта слабай мерай». Яна перакананая, што падобныя выпрабаванні павінны праводзіцца «незалежнымі экспертамі». Такога ж меркавання прытрымліваецца і прадстаўнік нямецкай партыі «зялёных» Рэбека Хармс. Яна лічыць, што вынікі стрэс-тэстаў, калі за іх правядзенне будуць адказваць ўлады самой «тэставанай» краіны, будуць выклікаць падазрэнні.

Следите за новостями так, как вам удобно:

Подпишитесь на новостную ленту Telegraf.by в удобном для вас сервисе и ничего не пропускайте!

Дзен Новости Google Новости Telegram Facebook VK.com OK.ru Пульс