Еўракамісар Фюле абверг заяву Лукашэнкі

22.07.2010 10:49
Архив Редакция

Еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле заявіў, што падчас свайго афіцыйнага візіту ў Мінск восьмага-дзявятага ліпеня абмяркоўваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі на сустрэчах як з прадстаўнікамі апазіцыі, так і ўлады, у тым ліку і з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

Штэфан Фюле адзначыў, што выкарыстаў свой першы афіцыйны візіт у Мінск для нагадвання, што «павага фундаментальных правоў і свабодаў — аснова палітыкі ЕС у дачыненні да суседзяў і ключавы фактар развіцця двухбаковых стасункаў», перадае БелаПАН.

Еўракамісар таксама заявіў, што «толькі паважаючы гэтыя фундаментальныя, усеагульныя каштоўнасці, Беларусь зможа поўнасцю скарыстацца патэнцыялам, які прапаноўвае ЕС як у рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства ў цэлым, так і палітыкі «Усходняга партнёрства» ў прыватнасці».

Тым не менш, 17 ліпеня Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што падчас сустрэчы са Штэфанам Фюле бокі не закраналі «ні пытанняў палітыкі гэтай, ні дэмакратызацыі і г.д.».

«Мы не бачылі там толькі складнік эканамічны. Але мы катэгарычна былі супраць таго, каб нам яшчэ ва «Усходнім партнёрстве», дзе справай трэба займацца, падкідалі пытанні дэмакратыі, яшчэ нейкія, ну, тыя смярдзючыя пытанні, якія заўсёды нам падкідваюць. Ужо дайшлі да таго, што змяняйце перадвыбарнае заканадаўства, заўтра выбары прэзідэнта. Якое гэта мае дачыненне да «Усходняга партнёрства»? Нам і так Еўрасаюз гэтыя патрабаванні з амерыканцамі пастаянна прад’яўляе», — заявіў прэзідэнт Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки