Еўракамісія аплоціць навучанне беларускіх студэнтаў у ЕС

31.07.2010 11:00
Архив Редакция

У рамках другога кампанента праграмы "Эразмус Мундус" Еўракамісія аплоціць навучанне студэнтаў з дзесяці ўніверсітэтаў Беларусі, Малдовы і Украіны. «Агульны бюджэт усяго кансорцыуму - каля пяці мільёнаў еўра», - паведаміў каардынатар праектаў у сферы адукацыі і культуры прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Вячаслаў Шалягейка. 

У праграму ўваходзяць Беларускі і Брэсцкі дзяржаўныя ўніверсітэты ад Беларусі, два ўніверсітэты ад Малдовы, восем ад Украіны, а таксама Гумбальцкі ўніверсітэт у Берліне (Германія), ВНУ Фінляндыі, Францыі, Літвы, Італіі, Грэцыі, Польшчы і Партугаліі. Курыруе праект іспанскі ўніверсітэт Деуста, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі». 
Для Беларусі ў праекце, мэта якога — забеспячэнне мабільнасці студэнтаў і стварэнне адзінае еўрапейскае адукацыйнае прасторы, запланавана 65 абменаў для студэнтаў (за выключэннем першага і пятага курсаў), аспірантаў і выкладчыкаў. Ахвочыя ўдзельнічаць у абмене студэнты павінны ў верасні 2010 года звярнуцца ў свае дэканаты, якія складуць спісы кандыдатаў. 
Па словах кіраўніка аддзелу па міжнародных сувязях БрДУ Аляксея Хоміча, беларускія універсітэты ўжо ўдзельнічалі ў праграме «Эразмус Мундус». Ён заявіў, што з Берасця штогод навучацца ў Еўропу ездзяць 9-12 студэнтаў, два-тры магістранты, па два аспіранты і выкладчыкі. 
«Мы з 2007 года ў гэтым крыху ўдзельнічаем. І нашы людзі едуць на вучобу ў краіны ЕС і вучацца там. Студэнты — да 10 месяцаў, магістранты — 22 месяцы, аспіранты — да 34 месяцаў. Выкладчыкі са ступенямі — 6-10 месяцаў. Адміністрацыйныя працаўнікі маглі выязджаць на месяц ці тры, цяпер месяц застаўся. Яны там атрымліваюць адзнакі, залікі, здаюць іспыты, а потым прывозяць гэта ў Беларусь», — заявіў Аляксей Хоміч. 
Аднак, праз несупадзенне адукацыйных праграмаў, не ўсе экзамены і курсы перазалічаюцца ў Беларусі. У сувязі з гэтым мінадукацыі выдала ўказ, які дазваляе даздаваць да 14 залікаў і іспытаў. 
Як адзначыў Вячаслаў Шалягейка, студэнты з іншых беларускіх ВНУ ў рамках першага кампанента праграмы «Эразмус Мундус» таксама могуць удзельнічаць у навучанні за мяжой. Першы кампанент прадугледжвае неабмежаваную колькасць месцаў для студэнтаў, а таксама 124 магістарскія і 22 доктарскія праграмы. 
«Студэнт, які зацікаўлены ў навучанні па такой праграме, павінен на сайце «Эразмус Мундус» знайсці спіс гэтых праграмаў і звярнуцца ва ўніверсітэт, які каардынуе гэтую праграму. І даведацца дакладныя ўмовы таго, як ён можа ў гэты ўніверсітэт паступіць менавіта на гэтую праграму», — адзначыў Вячаслаў Шалчгейка. 
Пасля паступлення студэнта ва ўніверсітэт на выбраную праграму, універсітэт звяртаецца ў Еўракамісію з просьбай аб выдзяленні студэнту стыпендыі «Эразмус Мундус», якая цалкам пакрывае кошт навучання і пражывання студэнта, адзначыў Вячаслаў Шалягейка.