Еўрапарламент рыхтуе беспрэцэдэнтную рэзалюцыю па санкцыях супраць РБ

14.01.2011 14:38
Архив Редакция

У бліжэйшы панядзелак, 17 студзеня, на сваёй пленарнай сэсіі ў Страсбургу Еўрапейскі парламент мае намер прыняць рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі. Як заявіў пасля зносін з аўтарамі праекту дакумента галоўны рэдактар расійскай "Новай Газеты" Дзмітры Муратаў, рэзалюцыя прадугледжвае "беспрэцэдэнтныя" санкцыі ў дачыненні да ўладаў Беларусі.

«Я ведаю, хто рыхтаваў гэты праект, я сустракаўся з групай дэпутатаў парламенту. У ім утрымліваецца патрабаванне самых жорсткіх, беспрэцэдэнтных для Еўрапарламенту санкцый у дачыненні да Лукашэнкі і яго чыноўнікаў», — цытуе расійскага журналіста РИА «Новости».

У той жа час разам з патрабаваннем вызваліць зняволеных апазіцыянераў і правесці паўторныя выбары прэзідэнта Еўрапарламент мае намер прапанаваць Еўракамісіі паслабіць візавы рэжым для іншых грамадзян Беларусі, спрасціць ці, магчыма, адмяніць візавыя зборы, а таксама даць месца ў еўрапейскіх універсітэтах тым студэнтам, якія па палітычных меркаваннях выключаны з беларускіх ВНУ, адзначыў Дзмітры Муратаў.

У сваю чаргу прадстаўнік Еўрапарламенту распавёў, што ў праекце рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да кіраўніцтва ЕС забараніць выдачу віз (для ўезду ў краіны ЕС) і замарозіць актывы кіруючых асоб Беларусі. Паводле яго слоў, неабходнасць прымянення ЕС санкцый супраць беларускіх афіцыйных асобаў падтрымліваюць усе палітычныя групы асамблеі.

У абмеркаванні еўрапарламентарыямі сітуацыі ў Беларусі прыме ўдзел і вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Как вам новость?
Головоломки