Еўрапарламент выступіў за эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі

05.03.2010 13:56
Архив Редакция

Чацвёртага сакавіка 2010 года еўрадэпутаты выказаліся за ўвядзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі ў выпадку адмовы ўладаў краіны ад дэмакратычных пераўтварэнняў. Дадзенае рашэнне было прынята па выніках візіту дэлегацыі Еўрапарламента ў Мінск.

Агучаны чацвёртага сакавіка праект справаздачы пра візіт у Беларусь, павінен быць прыняты на наступным тыдні лідарамі найбуйнейшых палітычных фракцый Еўрапарламента. Дадзеная справаздача ляжа пазней у падмурак будучай рэзалюцыі ЕП па Беларусі.

Еўрадэпутаты патрабуюць, каб беларускія ўлады прызналі Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс, пагадзіліся на дзейнасць праваабарончых арганізацый, вызвалілі ўсіх зняволеных апазіцыянераў. Акрамя таго, еўрапарламентарыі патрабуюць ад Мінска правядзення адкрытых і вольных выбараў у мясцовыя саветы.

Любая фінансавая і эканамічная дапамога Беларусі павінна залежыць ад пэўных крокаў беларускага боку, лічаць еўрадэпутаты.

«Урэшце, калі беларускія ўлады нельга пераканаць аргументамі, магчыма, трэба выкарыстоўваць канчатковы сродак у выглядзе санкцый. Найбольш балючымі былі б эканамічныя абмежаванні, таму што беларускія ўлады патрабуюць грошай. Яны таксама зацікаўлены ў новых крэдытах і ў экспарце малочнай прадукцыі. Яны таксама маюць свае інтарэсы на Захадзе», — заявіў кіраўнік групы Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцак Пратасевіч, паведамляе «Польскае радыё».

Раней еўрадэпутаты выказваліся супраць ужывання эканоміка-фінансавых санкцый да Беларусі. Сваё рашэнне парламентарыі тлумачылі тым, што санкцыі закрануць першым чынам простых людзей, а не беларускія ўлады. З гэтай прычыны еўрапарламентарыі аддавалі перавагу ўвядзенню дыпламатычных санкцый супраць прадстаўнікоў уладаў Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.
 

Как вам новость?
Головоломки