Еўропа асуджае ўлады Беларусі за гвалт на акцыі апазіцыі

21.12.2010 13:57
Архив Редакция

Шэраг еўрапейскіх краін зрабілі афіцыйныя заявы з нагоды падзей у Мінску ля Дома ўрада 19 снежня, у якіх рашуча асудзілі дзеянні беларускіх уладаў, якія ужыўлі гвалт у адносінах да мітынгоўцаў. У ліку краін, якія агучылі сваю пазіцыю, — Аўстрыя, Вялікабрытанія, Германія, Славакія, Францыя, Чэхія.

Так, у заяве МЗС Чэхіі значыцца, што знешнепалітычнае ведамства гэтай краіны ў поўнай меры падзяляе папярэднія высновы назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ аб тым, што Беларусі «трэба будзе правесці значны шлях для выканання сваіх абавязацельстваў перад АБСЕ». МЗС Чэхіі заклікаў улады краіны праявіць «максімальную стрыманасць», перадае БелаПАН.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Аўстрыі Міхаэль Шпіндэлегер выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што беларускія ўлады «не выкарысталі шанец, якім былі выбары». Па словах міністра, Беларусь прадэманстравала «кропкавы прагрэс», але ў выбарчым працэсе ў цэлым засталіся сур’ёзныя недахопы.

«Свабода сходаў і меркаванняў з’яўляецца адной з асноўных еўрапейскіх каштоўнасцяў, без якіх немагчыма пабудова дэмакратыі і адкрытага грамадства. Еўрапейскі саюз заўсёды ясна дае зразумець, што павага да гэтых каштоўнасцяў з’яўляецца ўмовай актывізацыі і паляпшэння адносінаў з Мінскам», — пракаментаваў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Аўстрыі факт ужывання сілы супраць дэманстрантаў на плошчы ў Мінску.

МЗС Аўстрыі: Беларусь адыходзіць ад еўрапейскіх каштоўнасцяў

«Такімі дзеяннямі беларускае кіраўніцтва зрабіла крок у бок ад еўрапейскіх каштоўнасцяў і правоў. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення затрыманых і расследавання выпадкаў злоўжывання ўладай. Такія паводзіны Мінска тым больш расчароўвае, бо ход перадвыбарчай барацьбы даў падставу для надзеі», — падкрэсліў Міхаэль Шпіндэлегер.

Дыпламат перакананы, што Еўрасаюз павінен актыўна заняцца сітуацыяй у Беларусі і будучай формай двухбаковых адносін. «Мы не хочам ізаляваць Беларусь, але будзем настойваць на захаванні натуральных каштоўнасцяў і правоў, калі гаворка ідзе аб неабходнасці паступальнага паляпшэння адносін з ЕС», — заявіў кіраўнік аўстрыйскага МЗС.

Такой жа пазіцыі прытрымліваецца МЗС Славакіі. «Славакія падтрымлівае ўсебаковае развіццё супрацоўніцтва ЕС з Беларуссю, неабходным умовай якога з’яўляецца павага дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона», — гаворыцца ў заяве знешнепалітычнага ведамства.

У МЗС таксама выказалі шкадаванне, што, нягледзячы на некаторы прагрэс, дасягнуты беларускімі ўладамі ў перадвыбарчы перыяд, у ходзе выбараў адбыліся «сур’ёзныя парушэнні міжнародных стандартаў».

МЗС Славакіі: пры падліку галасоў на выбарах у Беларусі былі маніпуляцыі

«Маніпуляцыі былі зафіксаваныя перш за ўсё пры падліку галасоў. Нягледзячы на абяцанне, беларускае кіраўніцтва не змагло забяспечыць празрысты і справядлівы працэс галасавання. Беларусь павінна прыкладаць далейшыя намаганні для гарманізацыі выбарчага заканадаўства і практыкі са стандартамі АБСЕ», — заявілі ў МЗС Славакіі.

Аб неабходнасці захавання ўладамі Беларусі еўрапейскіх дэмакратычных стандартаў гаворыцца таксама і ў заяве МЗС Францыі. Там адзначылі, што стаўленне да апазіцыі падчас выбарчай кампаніі, а таксама арышты, што пачаліся 19 снежня ў Мінску, сведчаць аб тым, што сёння беларускія ўлады гэтыя стандарты не выконваюць.

Знешнепалітычныя ведамствы названых краін таксама запатрабавалі неадкладнага вызвалення затрыманых дэманстрантаў, а таксама правядзення расследаванняў выпадкаў гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі пратэсту і журналістаў.

Да дадзенага прызыву далучыўся таксама афіцыйны прадстаўнік урада Германіі Штэфі Зайберт і брытанскі міністр па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан.

Нямецкі дыпламат: збліжэнне Беларусі і ЕС адкладаецца

Штэфі Зайберт заявіў, што ў сувязі з падзеямі 19 снежня ў Мінску збліжэнне з ЕС, да якога імкнецца Беларусь, адкладаецца на няпэўны час. «Выбары і зварот з вынікамі гэтых выбараў — тэст для далейшых адносін паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю, і ў сувязі з гэтым падзеі апошніх гадзін з’яўляюцца, вядома, жорсткім ударам», — заявіў прадстаўнік урада Германіі.

Паводле яго слоў, далейшыя дзеянні Германіі і ЕС будуць залежаць ад справаздач назіральнікаў. У той жа час нямецкі дыпламат лічыць, што ўжо цяпер ёсць дастаткова падстаў лічыць, што галасаванне ў Беларусі не ў поўнай меры адпавядала патрабаванням да правядзення свабодных і справядлівых выбараў.

Дэвід Лідынгтан у сваю чаргу заклікаў урад Беларусі «бесстаронне і эфектыўна прымяняць прынцып вяршэнства закона, праінфармаваць грамадскасць пра месцазнаходжанне затрыманых і ўстрымацца ад далейшых актаў запужвання і гвалту».

Як раней перадаваў Тэлеграф, з аналагічнымі заявамі, якія асуджаюць дзеянні беларускіх уладаў, і заклікамі выпусціць на свабоду затрыманых апазіцыянераў і журналістаў раней выступілі Літва, Польшча, Расія і ЗША.

Как вам новость?
Головоломки