ЕС палохае Беларусь «сур'ёзнымі наступствамі»

19.01.2011 14:06
Архив Редакция

Еўрапейскі Саюз прыме адзінае рашэнне па беларускай сітуацыі да лютага, калі ўлады Беларусі не зменяць сваёй пазіцыі. «Пытанне вельмі адчувальнае для краіны, якая ўваходзіць у нашу палітыку суседства. І, вядома ж, тут могуць узнікнуць складаныя абставіны і наступствы», - заявіў 19 студзеня кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Расіі Фернанда Валенсуэла.

«Тое, што адбылося ў Беларусі, вельмі сур’ёзна. Мы лічым, што адбыліся вельмі сур’ёзныя парушэнні прынцыпаў, якія для нас цяўляюць асаблівую важнасць. Але ў дадзены момант нейкага кансалідаванага рашэння з боку ЕС няма, яно выпрацоўваецца. Магчыма, пэўныя рашэнні будуць прынятыя ў канцы бягучага месяца, калі да гэтага не адбудзецца нейкіх істотных зменаў пазіцый беларускага боку», — цытуе дыпламата РИА «Новости».

Як раней перадаваў Тэлеграф, 17 студзеня ў Страсбургу пачалася Пленарная сэсія Еўрапейскага парламенту, падчас якой будзе прынятая рэзалюцыя па сітуацыі ў Беларусі. Як заявіў пасля размовы з аўтарамі праекту дакумента галоўны рэдактар расійскай «Новай Газеты» Дзмітры Муратаў, рэзалюцыя прадугледжвае «беспрэцэдэнтныя» санкцыі ў дачыненні да ўладаў Беларусі.

Дадзеная рэзалюцыя з’яўляецца ўжо 13-й, прыманай заканадаўчым органам ЕС па Беларусі. Аднак далейшы лёс прапанаваных мераў будзе вызначацца ўжо Радай міністраў замежных спраў Еўрасаюза, паседжанне якога прызначана на 31 студзеня.

Тым часам, Рэспубліка Польшча ўжо ўвяла візавыя санкцыі супраць кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ некалькіх сотняў чыноўнікаў, якія прымалі ўдзел у пераследах апазіцыі ў сувязі з масавымі маніфестацыямі у снежні ў Мінску.

Па дадзеных юрыстаў на 18 студзеня, колькасць абвінавачаных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках дасягнула 32 чалавек, з іх 28 ўтрымліваюцца пад вартай, уключаючы двух грамадзян Расіі, чатыры знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе. У ліку абвінавачаных — пяць экс-кандыдатаў у прэзідэнты. Чатыры з іх знаходзяцца ў СІЗА КДБ: Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч. Віталь Рымашэўскі быў вызвалены з СІЗА 1 студзеня пад падпіску аб нявыездзе.

Яшчэ 17 чалавек маюць статус падазраваных, з іх пяць чалавек утрымліваюцца пад вартай, дзесяць пад падпіскай аб нявыездзе, двое знаходзяцца за межамі краіны. Астатнія абвінавачаныя — прадстаўнікі выбарчых штабоў кандыдатаў, грамадскія актывісты, журналісты і былы супрацоўнік міліцыі.