ЕС рыхтуе новы фармат супрацоўніцтва з Беларуссю

22.10.2010 14:44
Архив Редакция

Еўракамісія распрацавала сумесны прамежкавы план для Беларусі, які прапануе новы фармат супрацоўніцтва Еўрасаюза з афіцыйным Мінскам. Як паведамляюць еўрапейскія дыпламатычныя крыніцы, дакумент аб'ёмам у 20 старонак змяшчае спіс рэформаў і абавязацельстваў, якія Беларусь павінна правесці і ўзяць на сябе ў бліжэйшыя тры-пяць гадоў.

Вынікам выканання дадзеных рэформаў Мінскам станецца пачатак новага раздзелу ў адносінах паміж ЕС і Беларуссю, адзначыў прадстаўнік Еўракамісіі, перадае ІТАР-ТАСС.

Прадстаўнік Еўрасаюза таксама адзначыў, што ЕС мае намер прапанаваць дадзены план Беларусі па выніках будучых прэзідэнцкіх выбараў, калі яны пройдуць «без парушэння дэмакратычных нормаў».

ЕС падаўжае санкцыі ў дачыненні да кіраўніцтва Беларусі

Акрамя таго, у Бруселі 21 кастрычніка еўрапейскія дыпламаты ўзгаднілі пытанне аб падаўжэнні візавых санкцыяў у дачыненні да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ 41 беларускага чыноўніка. Паводле паведамлення бельгійскай газеты EU Observer, тэкст адпаведнай заявы будзе прыняты міністрамі замежных спраў краін Еўрасаюза 25 кастрычніка.

Адначасова з працягам санкцый, якія забараняюць беларускім службоўцам уезд на тэрыторыю аб’яднанай Еўропы, Еўрасаюз падоўжыць і мараторый на іх ужыванне ў дачыненні да 36 чалавек. Пад дзеянне мараторыя не трапляе пяць чалавек — былы камандзір мінскага спецназа Юры Падабед, два былыя міністры ўнутраных спраў Юры Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былы генеральны пракурор Віктар Шэйман і кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, перадае БелаПАН.

У заяве, якая будзе прынята 25 кастрычніка, еўрапейскія дыпламаты адзначаюць, што Рада ЕС «глыбока шкадуе аб адсутнасці прагрэсу» ў Беларусі ў такіх галінах, як вяршэнства закона, правы чалавека, свабода слова, сходаў і асацыяцый.

У той жа час у дакуменце гаворыцца: «Рада зноў нагадвае аб крытычнай важнасці палітыкі ЕС у адносінах да Беларусі і неабходнасці захаваць палітычны дыялог з Беларуссю на высокім узроўні як спосабе знайсці паразуменне і стварыць магчымасць для вырашэння тых праблемаў, якія выклікаюць занепакоенасць».

Як адзначае EU Observer, абмеркаванне дакументу паказала, што еўрапейскія чыноўнікі па-рознаму разумеюць змяшчаную ў заяве фармулёўку «крытычная важнасць». «Некаторыя дыпламаты інтэрпрэтавалі гэта ў тым сэнсе, што ЕС негатыўна ацэньвае сітуацыю ў Беларусі. На думку іншых, гэтая фраза азначае, што адносіны ЕС — Беларусь знаходзяцца ў крытычнай кропцы праз будучыя выбары», — піша выданне.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у 2006 годзе Еўрасаюз пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ўвёў візавыя санкцыі ў дачыненні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Санкцыі былі ўведзеныя ў сувязі з тым, што ў Бруселі палічылі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі падтасаванымі.

Аднак восенню 2008 года Еўрасаюз, вітаючы вызваленне палітычных дзеячаў з беларускіх турмаў, прыпыніў рэжым візавых санкцый у дачыненні да Беларусі. Санкцыі ўпершыню былі прыпыненыя ў дачыненні большасці ўключаных у спіс чыноўнікаў.

Пры гэтым, як паведамлялася ў заяве ЕС, на канчатковую адмену санкцыяў у дачыненні да высокапастаўленых асобаў Беларусі Еўрасаюз гатовы пайсці толькі ў выпадку прагрэсу Беларусі на шляху дэмакратычных рэформаў.

Как вам новость?
Головоломки