ЕС: спрашчэнне візавага рэжыму не будзе падарункам уладам Беларусі

12.01.2011 15:40
Архив Редакция

Камісар ЕС па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле заявіў на слуханнях у Еўрапарламенце, што ЕС павінен рэагаваць на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі не толькі санкцыямі. У прыватнасці, дыпламат падкрэсліў, што важкай дапамогай беларускаму народу было б спрашчэнне візавага рэжыму з Еўрасаюзам.

Па словах Штэфана Фюле, гэта павінна закрануць не толькі кошт візаў, але і спрашчэнне працэдуры іх атрымання. Пры гэтым еўракамісар адзначыў, што ЕС, прымаючы такое рашэнне, павінен падкрэсліць, што спрашчэнне візавага рэжыму не з’яўляецца падарункам уладам Беларусі.

Еўрапейскі дыпламат таксама заявіў, што Еўрапарламент мае магчымасці для вылучэння стыпендый студэнтам, адлічаным з ВНУ за ўдзел у дэманстрацыі 19 снежня, з тым, каб яны здолелі працягнуць навучанне ў ВНУ Еўропы.

Акрамя таго, Штэфан Фюле лічыць, што Беларусь, нягледзячы на рэпрэсіі ўладаў у адносінах да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, павінна стаць паўнапраўным удзельнікам праграмы «Усходняе партнёрства», хаця яе ўдзел у ёй цяпер і носіць абмежаваны характар.

Фюле падтрымлівае санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва

Разам з тым еўракамісар падкрэсліў, што заплюшчваць вочы на пераслед у Беларусі дэмакратычных актывістаў, журналістаў незалежных СМІ і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Еўрасаюз не павінен.

Ён паўтарыў нядаўнюю заяву вярхоўнага прадстаўніка Ес па знешніх сувязях Кэтрын Эштан аб тым, што ва ўладаў Беларусі засталіся «не тыдні, а лічаныя дні і гадзіны» для таго, каб адпусціць усіх затрыманых 19 снежня. У адваротным выпадку са боку Еўрасаюза паследуе ўвядзенне санкцый супраць беларускага кіраўніцтва, падкрэсліў Штэфан Фюле.

Как вам новость?