ЕС: суд над Аўтуховічам палітычна матываваны

11.05.2010 12:01
Архив Редакция

Судовае разбіральніцтва па справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Міхаіла Казлова было адзначана сур'ёзнымі працэдурнымі парушэннямі і "можа разглядацца ў якасці палітычна матываванага". Такая афіцыйная пазіцыя Еўрапейскага Саюза.

Адпаведную заяву распаўсюдзіла дзясятага траўня пасольства Вялікабрытаніі, якое прадстаўляе ў Беларусі Іспанію, краіну-старшыню Еўрасаюза. Засноўваючыся на назіраннях дыпламатаў краін ЕС, а таксама беларускіх праваабаронцаў, брытанская дыпмісія выказала «асаблівую заклапочанасць» заявамі, зробленымі ў судзе сведкамі абвінавачвання, пра тое, што іх сведчанні «былі атрыманы пад фізічным і псіхалагічным ціскам, перадае БелаПАН.
«Прымаючы да ўвагі папярэдні актыўны ўдзел Аўтуховіча ў абароне правоў прадпрымальнікаў і ветэранаў вайны ў Афганістане, а таксама яго публічныя заявы пра меркаваныя выпадкі карупцыі, гэты працэс можа разглядацца ў якасці палітычна матываванага», — адзначае прадстаўнік старшыні ЕС.
Як раней паведамляў Тэлеграф, суд прысудзіў Мікалая Аўтуховіча да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, Уладзіміра Асіпенку — да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а Аляксандра Ларына — да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ адзін абвінавачваны па справе — падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў атрымаў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Как вам новость?
Головоломки