ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да Беларусі

31.01.2011 18:05
Архив Редакция

Еўрапейскія кіраўнікі МЗС 31 студзеня ў Брусэлі на паседжанні Рады Еўрасаюза па замежных справах прынялі заключную рэзалюцыю па Беларусі. У фінальных слуханнях па рэзалюцыі з санкцыямі супраць беларускага кіраўніцтва прынялі ўдзел 27 міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза. 

Візавыя санкцыі Еўрасаюзу ўведзены ў дачыненні да прэзідэнта Беларусі і яшчэ каля 150 беларускіх чыноўнікаў, адказных, на думку еўрапейскіх міністраў, за гвалт у ходзе сілавога разгону акцыі апазіцыі ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Акрамя таго, падставай для санкцый паслужыла парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, паведамляе Reuters са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы ў Брусэлі.

Таксама ЕС прыняў рашэнне замарозіць рахункі беларускага кіраўніцтва са спісу 2006 года (у яго ўваходзілі Аляксандр Лукашэнка і яшчэ 40 высокапастаўленых чыноўнікаў — Тэлеграф) і дапоўніць яго асобамі, датычнымі да снежанскіх падзеяў у Мінску. Аб увядзенні эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі нічога не паведамляецца.

Між тым, як ужо перадаваў Тэлеграф, абвінавачаным у арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня ў Мінску Уладзіміру Някляеву, Алегу Корбану, Анатолю Паўлаву, Сяргею Вазняку, Уладзіміру Кобецу і Ірыне Халіп, якія раней знаходзіліся пад арыштам у СІЗА, змянілі меру стрымання. У прыватнасці, Уладзіміра Някляева і Ірыну Халіп змясцілі пад хатні арышт, іншых вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

Тым, хто знаходзіцца пад хатнім арыштам, забаронена размаўляць па тэлефоне і выходзіць на прагулку. Вызваленым жа пад падпіску аб нявыездзе дазволена знаходзіцца на тэрыторыі таго населенага пункта, дзе яны зарэгістраваныя. У прыватнасці, гэта адносіцца і да рэдактара сайта «Хартыя 97» Наталлі Радзінай, якую выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе ўвечары 28 студзеня.

Як і іншым 36 асобам, ёй прад’явілі абвінавачванні ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, што можа пацягнуць за сабой пакаранне ад трох да 15 гадоў пазбаўлення волі. На дадзены момант, такім чынам, пецярых з абвінавачаных праваахоўныя органы адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, астатнія знаходзяцца пад арыштам.

20 студзеня Еўрапарламент прыняў беспрэцэдэнтна жорсткую рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі, у якой заклікаў краіны ЕС неадкладна ўвесці візавыя і эканамічныя санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінску.

У дакуменце, у прыватнасці, змяшчаўся заклік увесці забарону на выдачу візаў і замарозіць актывы ў краінах ЕС беларускіх кіраўнікоў вышэйшага звяна, чыноўнікаў, супрацоўнікаў судовых органаў і органаў бяспекі, якія, на думку Еўрасаюза, нясуць адказнасць за фальсіфікацыю снежанскіх прэзідэнцкіх выбараў і пераслед апазіцыі.

Акрамя таго, у рэзалюцыі ўказвалася на тое, што ад беларускіх уладаў неабходна запатрабаваць правесці паўторныя свабодныя выбары.

У сваю чаргу сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік заявіў, што кіраўніцтва краіны не пойдзе на правядзенне паўторных выбараў прэзідэнта, як таго патрабуе ў сваёй рэзалюцыі ад 20 студзеня Еўрапарламент.

Аб увядзенні санкцый у дачыненні да кіраўніцтва Беларусі ў ЕС загаварылі пасля выбараў прэзідэнта ў краіне і наступным разгоне акцыі апазіцыі ў Мінску. Так, пасля выбараў прэзідэнта прыхільнікі апазіцыі выйшлі на несанкцыянаваны мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Мінску, пасля чаго перайшлі на плошчу Незалежнасці да Дому ўрада.

Пасля таго, як у Доме Урада пачалі біць шкло, а таксама выломваць дзверы, умяшаўся спецназ. Каля 600 удзельнікаў мітынгу, сярод якіх 11 расійцаў, былі асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў. У той жа час да крымінальнай адказнасці за арганізацыю масавых беспарадкаў былі прыцягнутыя сем з дзесяці экс-кандыдатаў у прэзідэнты.

Нагадаем, 19 снежня ў Беларусі адбыліся выбары прэзідэнта краіны, на якіх, па афіцыйных дадзеных, перамогу атрымаў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле дадзеных беларускага Цэнтравыбаркама, за перавыбранне дзеЙнага прэзідэнта на чацверты тэрмін прагаласавала больш за 5,1 млн. выбаршчыкаў (79,67%). Бліжэйшым супернікам Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, паводле інфармацыі ЦВК, быў Андрэй Саннікаў. За яго свае галасы аддалі 164 тыс. выбаршчыкаў (2,56%). Па 1,97% галасоў выбаршчыкаў набралі Яраслаў Раманчук (за яго прагаласавалі 126,9 тыс. чалавек) і Рыгор Кастусёў (126,6 тыс. чалавек).

За Уладзіміра Някляева, па інфармацыі ЦВК, свае галасы аддалі 113,7 тыс. выбаршчыкаў (1,77%), за Аляксея Міхалевіча — 65,5 тыс. чалавек (1,2%), за Віталя Рымашэўскага 70,4 тыс. чалавек (1,1%), за Віктара Цярэшчанкі — 69 тыс. чалавек (1,08%), за Мікалая Статкевіча — 67 тыс. чалавек (1,04%). Менш за ўсё галасоў (0,48%) набраў Дзмітры Ус — за яго прагаласавала 31 тыс. беларусаў. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 6,47% выбаршчыкаў.

Как вам новость?