ЕС: Візавы кодэкс павялічвае ўзровень празрыстасці пры выдачы віз

09.04.2010 17:52
Архив Редакция

У прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі лічаць, што новы Візавы кодэкс, які пачаў дзейнічаць пятага красавіка, павялічвае ўзровень празрыстасці і прававой надзейнасці пры атрыманні і выдачы шэнгенскіх віз. "Ён забяспечвае ўмовы роўнага стаўлення да ўсіх грамадзян і гарманізуе правілы і досвед для краін шэнгенскай прасторы", — распавялі ў прадстаўніцтве ЕС.

«Балгарыя, Кіпр і Румынія выконваюць адпаведнае заканадаўства толькі часткова.  Памежны кантроль паміж гэтымі краінамі і шэнгенскай зонай будзе захоўвацца да выканання ўмоў, дастатковых для яго адмены», — падкрэслілі ў прадстаўніцтве, перадае БелТА.

«Вялікабрытанія, Паўночная Ірландыя і Ірландыя не ўдзельнічаюць у шэнгенскім супрацоўніцтве і ўжываюць нацыянальныя правілы, — распавялі ў прадстаўніцтве Еўрасаюза. — Сам жа Візавы кодэкс абавязвае падаваць грамадскасці поўную і дакладную інфармацыю пра працэдуру падачы заявак на візу».

Як адзначаецца, новы Візавы кодэкс ЕС увёў «агульныя правілы ўмоў і працэдур выдачы візавых дакументаў». «Кодэкс дазволіў зрабіць адзінымі нормы па апрацоўцы заявак і прыняцці візавых рашэнняў. Дакумент дазваляе павялічыць ролю прадстаўніцтва ЕС па каардынацыі ўзаемадзеяння краін Еўрасаюза ў рамках «мясцовага шэнгенскага супрацоўніцтва» ў краінах, якія не уваходзяць у ЕС», — лічаць у прадстаўніцтве ЕС у Беларусі.

У прадстаўніцтве паведамілі таксама пра тое, што «нормы Візавага кодэкса ЕС пра абгрунтаванне ў выпадку адмовы ў выдачы віз і пра магчымасць абскарджання гэтага рашэння набудзе моц праз год, пятага красавіка 2011 года». «Некаторыя амбасады ўжо ўжывалі такую практыку ў мінулым. І яна сябе добра зарэкамендавала. У выпадку матываваных адказаў пра прычыны адмовы ў прыняцці візавых заявак, заяўнік лепш разумее, якія менавіта дакументы ад яго патрабуюцца», — падкрэслілі ў прадстаўніцтве Еўрасаюза.

ЕС: амбасады краін шэнгенскай зоны зробяць адзіным спіс дакументаў на атрыманне візы

У прадстаўніцтве ЕС таксама распавялі пра тое, што на працягу года амбасады краін Шэнгенскай дамовы плануюць зрабіць адзіным спіс дакументаў, якія падаюцца разам з візавай анкетай на атрыманне візы. «Магчыма, ужо да канца гэтага года атрымаецца прыняць рашэнне па гэтым пытанні», — адзначылі ў прадстаўніцтве.

Зараз для кожнай з консульска-візавых службаў амбасадаў краін ЕС патрэбны свой спіс дакументаў. «Калі заяўнік звяртаецца ў амбасаду з просьбай пра выдачу візы, дык яму даводзіцца пацвярджаць вялікую колькасць інфармацыі, у прыватнасці пра мэты паездкі, месцы пражывання ў краіне, якую ён жадае наведаць, наяўнасці сродкаў на сваё знаходжанне за мяжой, а таксама пра намер вярнуцца на радзіму», — распавялі ў прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі.

Як лічаць у прадстаўніцтве, набор усіх дакументаў, якія прадстаўляюцца на атрыманне візы, «неабходна гарманізаваць, гэта значыць зрабіць адзіным».

Как вам новость?
Головоломки