ЕС заклапочаны некаторымі аспектамі датэрміновага галасавання

28.04.2010 14:53
Архив Редакция

У заяве пасольства Вялікабрытаніі, якое прадстаўляе ў Мінску Іспанію, што старшынюе ў ЕС, гаворыцца, што Еўрасаюз занепакоены асобнымі аспектамі датэрміновага галасавання ў Беларусі. "У прыватнасці, практыка асобнага падліку і аб'яўлення вынікаў датэрміновага галасавання, галасавання на даму і асноўнага галасавання не была паўсюднай", — адзначаецца ў заяве.

 У заяве таксама падкрэсліваецца, што ў шэрагу выпадкаў «рэзка адрозніваліся вынікі датэрміновага галасавання 20-24 красавіка і ў асноўны дзень 25 красавіка». 

У сваёй заяве Еўрапейскі саюз таксама заклікае беларускія ўлады працягнуць дыялог з АБСЕ для паляпшэння выбарчых працэдураў. У заяве гаворыцца, што ўнесеныя ў заканадаўства папраўкі «ўтрымліваюць намеры павялічыць празрыстасць працэсу галасавання і далучыць да выбарчага працэсу яшчэ шырэйшыя групы насельніцтва, што заслугоўвае ўхвалення», перадае БелаПАН.

«Аднак назіранне за выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 25 красавіка паказала, што рэалізацыя новага выбарчага заканадаўства мае некалькі слабых момантаў, на якія павінна быць звернута ўвага падчас далейшага дыялогу з АБСЕ», — падкрэсліваецца ў заяве.

Назіральнікі краін ЕС наведалі больш за 140 выбарчых участкаў у Мінску і рэгіёнах і змаглі прысутнічаць пры падліку галасоў. «Еўрасаюз выяўляе ўдзячнасць уладам за запрашэнне прыняць удзел у назіранні», — адзначаецца ў заяве.

Как вам новость?