Эштан: Беларусь не пакінула ЕС выбару

01.02.2011 09:21
Архив Редакция

Вярхоўная прадстаўніца Еўрасаюза па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан 31 студзеня на выніковай прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Рады ЕС у Брусэлі заявіла, што ўлады Беларусі не пакінулі Еўрасаюзу выбару. Паводле яе слоў, увядзенне санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі — вымушаная мера, бо беларускія ўлады не прыслухаліся да ЕС і не распачалі ніякіх мер па паляпшэнні сітуацыі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. 

Кэтрын Эштан заявіла, што галоўнай умовай для перамоваў Беларусі і Еўрасаюза па-ранейшаму застаецца вызваленне ўсіх затрыманых удзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску. Па словах Вярхоўнай прадстаўніцы ЕС, пасля выканання гэтай умовы ЕС можа перагледзець сваё рашэнне аб санкцыях супраць беларускага кіраўніцтва.

У той жа час Вярхоўная прадстаўніца ЕС адзначыла, што Еўрасаюз гатовы разгледзець пытанне аб увядзенні дадатковых санкцый, у тым ліку і эканамічных, у дачыненні да Беларусі. Па словах Кэтрын Эштан, гэта можа адбыцца ў тым выпадку, калі сітуацыя ў краіне не зменіцца да лепшага.

Акрамя таго, Кэтрын Эштан падкрэсліла, што ЕС працягне аказваць падтрымку беларускаму народу, а таксама заявіла аб гатоўнасці ўзмацніць сувязь з грамадзянскай супольнасцю.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 31 студзеня міністры замежных спраў краін ЕС прынялі канчатковае рашэнне ўвесці візавыя санкцыі ў дачыненні да прэзідэнта Беларусі і яшчэ каля 150 беларускіх чыноўнікаў, адказных, на думку еўрапейскіх міністраў, за гвалтоўны разгон акцыі апазіцыі ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Па інфармацыі з неафіцыйнай крыніцы ў Радзе ЕС, у спіс асоб, у дачыненні да якіх уведзеныя візавыя санкцыі, уключаныя таксама міністр абароны Беларусі Юры Жадобін, кіраўнік Савета бяспекі Леанід Мальцаў, кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, генеральны пракурор Рыгор Васілевіч, спікер ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка, 24 старшыні тэрытарыяльных выбарчых камісій, 30 суддзяў і 10 журналістаў.

Еўрасаюз таксама прыняў рашэнне замарозіць рахункі беларускага кіраўніцтва са спісу 2006 года (у яго ўваходзілі прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і яшчэ 40 высокапастаўленых чыноўнікаў) і дапоўніць яго асобамі, датычнымі да снежанскіх падзеяў у Мінску. Аб увядзенні эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі нічога не паведамляецца.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па ўнутрыпалітычных пытаннях 20 студзеня даручыў ураду падрыхтаваць меры ў адказ на магчымыя санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінску.

МЗС Беларусі ўжо выступіў з афіцыйнай заявай з нагоды ўвядзення санкцый, у якой адзначаецца, што Беларусь гатова «прапарцыйна і адэкватна» адказаць на рашэнне ЕС. У МЗС Беларусі перакананыя, што прынятае Радай ЕС рашэнне «будуецца на адкрытым замоўчванні ініцыятыўных агрэсіўных дзеянняў і гвалту з боку дэманстрантаў, якія выявіліся ў спробе захопу будынка ўрада і парламента Беларусі 19 снежня 2010 года пасля прэзідэнцкіх выбараў».

Как вам новость?
Головоломки