Эштан паставіла Мартынаву ўльтыматум

12.01.2011 16:52
Архив Редакция

Вярхоўная прадстаўніца Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан сустрэлася ў Бруселі з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. У ходзе гутаркі віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі падкрэсліла, што ЕС асуджае гвалтоўны разгон дэманстрантаў, шматлікія арышты і пераслед апазіцыянераў пасля выбараў.

«Кэтрын Эштан настойвала на неадкладным вызваленні ўсіх затрыманых па палітычных матывах і неадкладнага спынення пераследу апазіцыі, прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці», — распавялі Тэлеграф ў прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі.

Вярхоўная прадстаўніца нагадала кіраўніку МЗС Беларусі аб тым, што ЕС разглядае прыняцце адпаведных мер у адказ на падзеі, якія паследавалі за выбарамі, маючы на ўвазе рашэнні, якія будзе прымаць Савет міністраў замежных спраў ЕС 31 студзеня 2011 года.

Акрамя Сяргея Мартынава Кэтрын Эштан сустрэлася 12 студзеня з вядучымі прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. У склад дэлегацыі ўвайшлі, у тым ліку, Ева Някляева, дачка арыштаванага былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, Ірына Багданава, сястра арыштаванага былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, былыя кандыдаты ў прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін і былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.

Вярхоўная прадстаўніца выказала салідарнасць і падтрымку Еўрапейскага Саюза ўсім тым, хто быў затрыманы пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня 2010 года па палітычных матывах, і іх сем’ям, паведамілі ў прадстаўніцтве ЕС.

Как вам новость?
Головоломки