Фарыно: кадравай праблемы ў сістэме адукацыі няма

30.09.2010 16:20
Архив Редакция

Сёлета практычна ўсе маладыя спецыялісты, адпраўленыя на працу па размеркаванні пасля заканчэння ВНУ, прыбылі на месцы. Пра гэта 30 верасня паведаміў намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно. "Даехалі практычна ўсе, кадравай праблемы няма", — падкрэсліў намеснік міністра.

Казімір Фарыно таксама адзначыў, што займацца рашэннем жыллёвай праблемы маладога спецыяліста павінен кіраўнік той установы, у якую прыйшоў працаваць выпускнік ВНУ. Паводле слоў намесніка міністра адукацыі, дырэктар установы адукацыі павінен быць зацікаўлены ў тым, каб сем’і маладых спецыялістаў працавалі па размеркаванні, перадае БелаПАН.
 
Казімір Фарыно растлумачыў, што па пытанні ўладкавання спецыялістаў дырэктары могуць звяртацца ў райвыканкамы, якія, «безумоўна, могуць знайсці варыянт жылля — інтэрнат, дом або здымную кватэру». «Гэта не павінна быць праблемай маладога педагога, які павінен займацца навучаннем дзяцей», — падкрэсліў намеснік міністра.

У якасці прыкладу вырашэння жыллёвай праблемы маладых спецыялістаў Казімір Фарыно прывёў Гомельскую вобласць. Педагогам, накіраваным туды па размеркаванні, мясцовыя ўлады далі дамкі ў аграгарадках. «У цэлым востра гэтыя праблемы ў Беларусі не стаяць», — падкрэсліў намеснік міністра.

Фарыно: не трэба ставіць бар’еры для паступаючых у ВНУ

Таксама Казімір Фарыно выказаўся супраць «якіх-небудзь бар’ераў пры паступленні маладых людзей у ВНУ». «У нас сёння самая гуманная сістэма размеркавання моладзі па ўзроўнях атрымання адукацыі», — адзначыў намеснік міністра адукацыі.

Разам з тым, Казімір Фарыно адзначыў, што нярэдка ў прэсе з’яўляюцца «некарэктныя публікацыі», якія вінавацяць школу ў нізкіх сярэдніх балах цэнтралізаванага тэставання. На думку намесніка міністра, і школы, і настаўнікі працуюць якасна. Так, намеснік міністра адзначыў, што сёлета выпускнікі атрымалі па выніках цэнтралізаванага тэставання на 10-20 балаў больш, чым усе астатнія ўдзельнікі іспытаў.

Разам з тым, аб мэтазгоднасці вярнуць неабходны мінімум для падачы дакументаў у ВНУ неаднаразова выказваўся старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч. Ён лічыць, што дадзеная мера дапаможа адсеяць абітурыентаў з нізкімі баламі, у тым ліку на педагагічных спецыяльнасцях.

У 2008 годзе такая мяжа была ўсталяваная на ўзроўні 20 балаў, затым для асобных прадметаў была зніжана да 13-15 балаў. З 2009 года сертыфікаты цэнтралізаванага тэставання выдаюцца ўсім абітурыентам, якія набралі адзін бал і больш.

Как вам новость?
Головоломки