Фёдараў: Бакіеў можа застацца ў Мінску надоўга

23.04.2010 12:39
Архив Редакция

Палітолаг Андрэй Фёдараў лічыць што, калі прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў "будзе паводзіць сябе ціха, сядзець і чакаць, як развіваюцца падзеі ў Кыргызстане, то, ён можа ў такім разе быць у Мінску даволі доўга". "Пакуль не вельмі падобна, што ён з'едзе назад ў Кыргызстан, але не ўпэўнены, што і застанецца ў Мінску. Тут ёсць вельмі шмат розных і нам невядомых меркаванняў", — сказаў эксперт.

Па словах Андрэя Фёдарава, далейшае развіццё падзеяў будзе залежаць ад таго, як будзе паводзіць сябе сам прэзідэнт Кыргызстана. «Калі Бакіеў будзе нейкім чынам заклікаць да супраціву сваіх прыхільнікаў, і ў Кыргызстане будуць працягвацца беспарадкі, то могуць паследаваць нейкія дзеянні нават з боку Еўрасаюза», — мяркуе палітолаг, перадае Euramost.org.

Эксперт адзначае, што Еўропа настроена на нармалізацыю становішча ў Кыргызстане. Кажучы пра Расію, Андрэй Фёдараў упэўнены, што «яна таксама наўрад ці задаволена наяўнай сітуацыяй». «Мне здаецца, што Расія раздражнёная не столькі тым, што Бакіеў знаходзіцца ў Мінску, колькі тым, што Мінск даволі актыўна паводзіць сябе ў гэтым плане, заклікае не прызнаваць новую ўладу, хаця Расія фактычна яе прызнала. Вось гэта іх дакладна не задавальняе», — сказаў палітолаг.

Эксперт сумняецца, што ад прэзідэнта Кыргызстана варта чакаць якіх-небудзь новых гучных заяваў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 23 красавіка. «З моманту яго папярэдняй заявы не адбылося ніякіх экстраардынарных падзеяў, — падкрэсліў Андрэй Фёдараў. — Наўрад ці будзе сказана штосьці новае. Магчыма, ён ізноў абвінаваціць сваіх палітычных супернікаў ва ўзурпацыі ўлады, у тым, што яны ледзьве не распалілі грамадзянскую вайну. Можа быць, праслізне яшчэ нейкая сакрэтная, дагэтуль невядомая інфармацыя, але прынцыпова сітуацыю гэта не павінна змяніць».

Как вам новость?
Головоломки