Фёдараў: збліжэнне Беларусі і ЗША ў палітычным плане малаверагодна

05.04.2010 10:31
Архив Редакция

Палітолаг Андрэй Фёдараў лічыць, што ў беларуска-амерыканскіх адносінах збліжэнне магчыма, але толькі ў эканамічным плане. "У палітычным плане малаверагодна, што адбудзецца вялікае збліжэнне паміж дзвюма краінамі. Паколькі бакі стаяць на прынцыпова розных пазіцыях, і кожны лічыць, што мяч знаходзіцца на процілеглым баку", — сказаў эксперт.

Каментуючы заявы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Беларусь і ЗША павінны ўвайсці ў новую эпоху адносін, заснаваных на ўзаемных інтарэсах і ўзаемнай павазе, Андрэй Фёдараў мяркуе, што асабіста не бачыць «падстаў для таго, каб хтосьці з суразмоўцаў ці партнёраў па перамовах пайшоў на саступкі». «Таму, паўтаруся, у палітычным плане на паляпшэнне адносін, напэўна, разлічваць не варта», — падкрэсліў палітолаг, перадае Euramost.org.

Па словах эксперта, Мінск патрабуе адмены вядомага Акту пра дэмакратыю і пакінутых эканамічных санкцый, а Вашынгтон настойвае, каб Беларусь адмяніла абмежаванні на амерыканскае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Мінску. «Гэта цяжба вядзецца ўжо не першы год. Летась па гэтым пытанні ішлі сталыя дыскусіі, але вялікіх зрухаў не відаць», — сказаў Андрэй Фёдараў.

Што тычыцца эканамічнага супрацоўніцтва, адзначыў эксперт, дык тут «можа штосьці адбыцца, паколькі нейкія крокі па лібералізацыі эканамічнай дзейнасці беларускі ўрад робіць». «Гэта адмаўляць нельга. Амерыканцы цяпер таксама даволі лаяльна ставяцца да Беларусі. Прынамсі, мы бачым, што яны не блакуюць вылучэнне крэдытаў нашай краіне Міжнародным валютным фондам, хоць, у адпаведнасці з тым жа Актам пра дэмакратыю, ім, падаецца, трэба б гэта рабіць», — адзначыў палітолаг.

Па словах эксперта, калі нейкія кампаніі і вырашаць пачаць больш актыўную працу ў Беларусі, дык перашкод з боку Вашынгтона тут не будзе. «Іншая справа, што, нягледзячы на ўсе нашы спробы лібералізацыі, у саміх заходніх інвестараў маюцца асцярогі з нагоды стабільнасці тутэйшай сітуацыі. І гэта ўжо не палітыка, а чыстая эканоміка. Вось яна і можа перашкодзіць супрацоўніцтву», — сказаў Андрэй Фёдараў.

Как вам новость?
Головоломки