Фюле: Беларусь атрымае велізарную выгаду ад "Усходняга партнёрства"

08.07.2010 15:31
Архив Редакция

Еўракамісар па Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле лічыць, што праграма ЕС «Усходняе партнёрства» можа быць для Беларусі "рамкамі палітыкі, якія адкрываюць шлях для цеснага супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю". "Мы запрашаем Беларусь цалкам далучыцца да гэтага партнёрства дзеля рэформаў, у тым ліку і на двухбаковым узроўні. Перавагі такога далучэння могуць быць велізарнымі", — упэўнены Штэфан Фюле.

«На палітычным узроўні Беларусь магла б дасягнуць асацыяцыі з ЕС, а на эканамічным — інтэгравацца ў найбуйнейшы ў свеце і самы паспяховы ўнутраны рынак. У той жа час грамадзяне Беларусі маглі б скарыстацца больш спрыяльнымі ўмовамі для падарожжа ў ЕС. Мы хочам, каб больш беларусаў наведвалі ЕС, вучыліся тут ці займаліся тут бізнэсам», — піша еўракамісар ў артыкуле, апублікаваным у «Савецкай Беларусіі».

На думку Штэфана Фюле, заключэнне пагадненняў аб асацыяцыі і рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю «прынясе вам перавагі, якімі ўжо карыстаюцца краіны-суседзі, якія прынялі прапанову ЕС». «Сярод гэтых перавагаў — зніжэнне кошту візы для ўсіх грамадзянаў, бясплатныя візы для многіх катэгорый, значна больш шырокае выкарыстанне шматразовых візаў для шэрагу катэгорый — журналістаў, бізнэсмэнаў, а таксама людзей, чые сваякі жывуць у ЕС», — адзначае еўракамісар па Еўрапейскай палітыцы добрасуседства.

«Створаная намі еўрапейская палітыка суседства працуе па прынцыпе «больш за большае», — падкрэслівае Штэфан Фюле. — Чым вышэйшыя рэфарматарскія амбіцыі нашых партнёраў, тым мацнейшы будзе наш адказ. З дапамогай праграмы «Усходняе партнёрства» мы прапануем усходнім суседзям камбінацыю інструментаў, якія дапамогуць рэфармаваць і ўмацаваць іх сістэму кіравання. А гэта, у сваю чаргу, будзе стымулам для эканамічнага росту, які падыме жыццёвыя стандарты грамадзянаў нашых суседзяў да ўзроўню жыцця ў ЕС».

Штэфан Фюле таксама прывёў у прыклад Украіну ці Малдову, якія «адразу ж усвядомілі» патэнцыял больш блізкіх стасункаў з Еўрасаюзам, які прапануе ўсебаковы пакет ініцыятываў, і «пачалі актыўна карыстацца» палітыкай «Усходняга партнёрства».

«Сёння ЕС звяртаецца да Беларусі з саліднай і практычнай прапановай па паглыбленні нашых адносін. Напярэдадні важнага моманту ў палітычным жыцці вашай краіны я спадзяюся, што Беларусь скарыстаецца магчымасцю наблізіць вас да вашых еўрапейскіх суседзяў», — падсумаваў Штэфан Фюле.

Как вам новость?