Фюле: ЕС і Расія не павінны вырашаць лёс Беларусі за яе спінай

09.07.2010 11:38
Архив Редакция

Прынцыпова немагчыма і маральна няправільна прымаць Еўрапейскім Саюзам і Расіяй рашэнні ў дачыненні да Беларусі за спінай беларусаў, без іх непасрэднага ўдзелу. Пра гэта заявіў на сустрэчы з беларускімі апазіцыйнымі лідарамі еўракамісар па пытаннях пашырэння ЕС і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле.

Як паведаміў адзін з удзельнікаў сустрэчы старшыня партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, апазіцыйныя дзеячы звярнулі ўвагу на тое, што з прычыны апошніх публікацыяў і паказу фільма на тэлеканале НТВ адбыліся змены ў стаўленні расійскіх уладаў да сітуацыі ў Беларусі і гэта варта выкарыстоўваць ЕС. У сваю чаргу, Штэфан Фюле даволі скептычна паставіўся да гэтай прапановы, заявіўшы, што нічога істотнага не адбылося і гэта не варта разглядаць як доўгатэрміновую стратэгію, накіраваную на змены сытуацыі ў Беларусі, перадае БелаПАН.

Еўракамісар паведаміў аб чарговай прапанове зварухнуць з мёртвай кропкі ўзаемаадносіны Беларусі і ЕС. «Гэта чарговы акт добрай волі з боку Еўрасаюза. Аднак пры гэтым ён будзе абумоўлены ясным пасланнем беларускаму ўраду аб тым, што ЕС не мае намеру прасоўваць адносіны і падаваць прэферэнцыі ў аднабаковым парадку, а гатовы да роўнай зацікаўленасці і саступак абодвух бакоў», — адзначыў Сяргей Калякін.

Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі таксама бягучую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, наяўнасць у краіне палітвязняў, набліжэнне прэзідэнцкіх выбараў пры адсутнасці ўмоваў для іх дэмакратычнага правядзення, развіццё адносінаў ЕС не толькі з беларускім урадам, але таксама з грамадзянскай супольнасцю, перадае сайт АДС.

Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі спрашчэнне візавага рэжыму для беларусаў. Па словах лідара беларускіх левых, еўракамісар разумее важнасць спрашчэння ўезду ў ЕС «па-за кантэкстам ўсіх іншых пагадненняў Еўрасаюза і Беларусі». «Еўракамісар будзе прыкладаць усе намаганні, каб гэтае пытанне было вырашана. Але гэта складана, бо рашэнне павінны падтрымаць 27 краін ЕС», — дадаў апазіцыйны палітык.

Акрамя Сяргея Калякіна, на сустрэчы з еўракамісарам прысутнічалі экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, кіраўнік Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, каардынатар «Хартыі-97» Андрэй Саннікаў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Как вам новость?
Головоломки