Freedom House: на рэжым Лукашэнкі трэба аказваць ціск

19.11.2010 15:12
Архив Редакция

Выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі Freedom House Дэвід Крамер, які раней займаў пост памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы, лічыць, што будучыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не будуць адпавядаць міжнародным стандартам. У сувязі з гэтым Дэвід Крамер перакананы, што "на рэжым Аляксандра Лукашэнкі неабходна працягваць аказваць ціск".

Дэвід Крамер лічыць зняцце санкцый Еўрапейскага саюза ў дачыненні да прэзідэнта Беларусі Аляксандр Лукашэнкі «заганнай практыкай». «Ствараецца ўражанне, што ЕС робіць стаўку на Лукашэнку, разлічваючы з яго дапамогай захаваць незалежнасць Беларусі ад Расіі», — заявіў Дэвід Крамер.

«Лукашэнка-майстэрску выкарыстоўвае Захад супраць Расіі і наадварот, часам ён сутыкае нават ЕС і ЗША», — цытуе Дэвіда Крамера «Голас Амерыкі».

У сваю чаргу навуковы супрацоўнік Універсітэту Джонса Хопкінса ў ЗША Тарас Кузіо, які спецыялізуецца на пытаннях Украіны і Беларусі, адзначыў, што ў прэзідэнтаў гэтых дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Януковіча «ёсць нешта агульнае». «Абодва прэзідэнты абапіраюцца на адну катэгорыю выбаршчыкаў — людзей з савецкім мысленнем. У абедзвюх краінах такія людзі не складаюць большасці, аднак пры ўмелай працы на выбарах, падобная падтрымка здольная прынесці перамогу», — адзначыў эксперт.

Эксперт: Беларусь — анамалія сучаснай Еўропы

Тарас Кузіо перакананы, што на будучых выбарах Аляксандар Лукашэнка захавае сваю ўладу. З такім меркаваннем салідарны палітычны дарадца Камісіі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Орэст Дэйчакіўскі. Паводле яго слоў, Беларусь з’яўляецца «анамаліяй сучаснай Еўропы».

У 2006 годзе Орэст Дэйчакіўскі працаваў міжнародным назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Ён распавёў, як сябры выбарчых камісій рабілі ўсё, каб схаваць працу па падліку галасоў. Цяпер, па словах еўрапейскага чыноўніка, сітуацыя з выбарамі крыху палепшылася, але выбаркамы ўсіх узроўняў па-ранейшаму знаходзяцца пад поўным кантролем дзейнай улады. Больш за тое, па словах Орэста Дэйчакіўскага, улады робяць усё, каб пазбавіць грамадзян доступу да аб’ектыўнай інфармацыі, у тым ліку, звяртаюцца да ціску: студэнтам пагражаюць адлічэннем з ВНУ, дзяржслужачым — звальненнем.

Как вам новость?