Гайдукевіч: у Расіі чыноўнікі павінны размаўляць па-беларуску

21.02.2011 16:42
Архив Редакция

Да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, Тэлеграф апытаў беларускіх палітыкаў, грамадскіх і рэлігійных дзеячаў аб тым, якую мову яны лічаць роднай. Так лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч заявіў аб сваёй перамозе на наступных прэзідэнцкіх выбарах і аб неабходнасці гаварыць па-беларуску за мяжой.

«Мая родная мова — беларуская, я вельмі добра размаўляю на ёй, але, на жаль, даводзіцца размаўляць на рускай, паколькі многія людзі не разумеюць па-беларуску», — сказаў палітык і перайшоў на расійскую мову.

«У нас хутка будуць выбары, і я стану прэзідэнтам. Першым маім указам будзе не тое, пра што ўсе гавораць, а аб прывядзенні ў норму Канстытуцыі. Я, вядома, не збіраюся прыбіраць двухмоўе — яно склалася гістарычна. Але ў дакуменце будзе ўказана, што любы чыноўнік павінен ведаць беларускую мову, калі хоча працаваць у беларускім урадзе. Краіна без мовы не мае будучыні! У нас цяпер, калі нейкі чыноўнік едзе ў Расію, то кажа там па-руску. Калі гэта канферэнцыя — так, калі ласка, гавары хоць па-ангельску! Але любыя афіцыйныя выступы за мяжой, інтэрв’ю СМІ павінны рабіцца на беларускай мове», — лічыць Сяргей Гайдукевіч.

Кастусёў: па-беларуску размаўляю з дзяцінства

Намеснік старшыні партыі БНФ і былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў лічыць роднай мовай беларускую. «Гэта мова, на якой гавару з дзяцінства, на якой мяне вучылі размаўляць», — сказаў палітык.

Беларускай мовай ён і больш за ўсё карыстаецца ў паўсядзённым жыцці. «Больш за ўсё — беларускай, калі чалавек не разумее па-беларуску, магу на рускай. Рэдка — украінскай, польскай і нямецкай, вельмі рэдка і вельмі слаба», — дадаў намеснік старшыні ПБНФ.

Макоўская: мова робіць нас роўнымі з іншымі народам

Беларуская мова з’яўляецца роднай таксама і для старшыні арганізацыі «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алены Макоўскай. «Гэта мой вобраз мыслення, маё светаадчуванне, гэта тое, як я чую свет і свет чуе мяне. Мова — наша каштоўнасць і своеасаблівасць, тое, што нас вылучае сярод іншых народаў і робіць роўнымі ім. На беларускай мове лёгка і светла размаўляць, думаць, жартаваць», — падкрэсліла яна.

Алена Макоўская таксама адзначыла, што ў паўсядзённым жыцці часцей за ўсё размаўляе па-беларуску, «але бывае, што і па-англійску або па-руску, залежыць ад краіны паходжання суразмоўцы».

Цярэшчанка: родныя мовы ў мяне дзве

Экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка, у сваю чаргу, заявіў, што яго родная мова — і беларускі, і расійская. «Мова для мяне — гэта культура, радзіма, бацькі», — сказаў ён. У паўсядзённым жыцці палітык больш карыстаецца расійскай мовай.

У той жа час, адзінай роднай мовай з’яўляецца беларуская для настаяцеля парафіі Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Горадзе Бабруйску Магілёўскай вобласці Юрыя Быкава. «Гэта мова, якую даў гэтаму народу Госпад», — падкрэсліў святар.

Бузоўскі: расійская мова — мова Савецкага Саюза

Між тым для першага сакратара Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Ігара Бузоўскага больш важная расійская мова. «Я нарадзіўся ў вёсцы ў Гарадзенскай вобласці, дзе размаўлялі па-беларуску. Але ў большай ступені сёння я размаўляю па-руску», — адзначыў ён.

«Руская мова — гэта мова зносін, мова агульнай гісторыі, мова, якая аб’ядноўвае людзей. Для мяне — гэта мова маёй вялікай Радзімы, якой з’яўляўся Савецкі Саюз», — заявіў Ігар Бузоўскі.

Раманчук: я пачаў размаўляць па-беларуску, калі стаў займацца палітыкай

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, які таксама балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах, не змог даць дакладнага адказу на пытанне аб тым, якую мову лічыць роднай.

«Тая мова, на якой я пачаў гаварыць з бацькамі, — польская, на якой развмаўляў у школе — расійская, а цяпер яшчэ гавару па-беларуску, так што я не ведаю, як адказаць на гэтае пытанне. Паколькі я мультыкультурны чалавек і валодаю пяццю мовамі, то размаўляю на польскай і расійскай. На беларускай — мала, я пачаў размаўляць па-беларуску, толькі калі прыехаў у Мінск і стаў займацца палітыкай. У жыцці, можна сказаць, карыстаюся чатырма мовамі — мне таксама даводзіцца шмат размаўляць па-ангельску. Але развіццё беларускай мовы я лічу прыярытэтным», — заявіў намеснік кіраўніка партыі АГП.

Рымашэўскі: мова — гэта гістарычная праўда

Яшчэ адзін былы кандыдат у прэзідэнты, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі паведаміў, што беларускую мову вывучыў самастойна.

«У кантактах з замежнікамі мне даводзіцца размаўляць на англійскай мове. Таксама часта я размаўляю па-расійску. Але дома, з сябрамі і на працы я размаўляю па-беларуску. Родная мова для мяне — гэта, перш за ўсё, гістарычная праўда. Я вырас у расійскамоўнай сям’і, хадзіў у савецкую школу. Беларускую гаворку я чуў толькі ў вёсцы, беларускую мову ж вывучыў сам у дзявятым-дзясятым класах. Падчас перабудовы я даведаўся з кніг, як нашу мову знішчалі, і не змог застацца абыякавым. Я заўсёды быў патрыётам сваёй Радзімы, і аказалася, што мая Радзіма — Беларусь. Беларуская мова для мяне — гэта гісторыя, культура, абавязак перад нашымі продкамі, але, як я ўжо казаў, перш за ўсё, гэта праўда», — сказаў палітык.

Стральцоў-Карвацкі: лічыць беларускую мову роднай недастаткова

Самастойна вывучыў беларускую мову і маршалак манархічнай лігі Вялікага княства Літоўскага Аляксандр Стральцоў-Карвацкі. Паводле яго слоў, мовай, на якой ён размаўляў з дзяцінства, з’яўляецца расійская. «Але ў дадзены момант я пераважна размаўляю па-беларуску. У мяне нават ўзнікаюць пэўныя праблемы з расійскай мовай, бо некаторыя тэрміны, паняцці мне лягчэй ўспомніць на беларускай мове. Часта таксама карыстаюся і польскай мовай, на якой размаўляла частка маіх продкаў», — адзначыў ён.

«Мова, засвоеная першай, безумоўна, мае вялікае значэнне, паколькі пасродкам яе фармуецца светаўспрыманне чалавека. Аднак большае значэнне я аддаю нацыянальна-дзяржаўнаму патрыятызму, таму што і расійска-, і польскамоўныя людзі могуць шмат зрабіць для сваёй Радзімы», — лічыць палітык.

«Я хацеў бы, каб беларуская мова заняла важнае месца ў жыцці нашага грамадства, тым больш, што, як паказваюць перапісы насельніцтва, большасць людзей усё ж лічыць сваёй роднай мовай беларускую. У той жа час яны зусім абыякава ставяцца да мовы. Не хапае адпаведнасці. Недастаткова проста называць сваёй роднай мовай беларускую, пачніце размаўляць на ёй, хоць бы дома. Інакш нічога не зменіцца», — падкрэсліў кіраўнік манархічнай лігі.

Чаргінец: беларускай мовай трэба займацца больш шчыльна

Характэрна, што старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, таксама назваў сваёй роднай мовай беларускую, адзначыў, што лепш яе ведаў і на ёй размаўляў ў дзяцінстве. «Як для беларуса і народжанага ў Беларусі для мяне роднай мовай з’яўляецца беларуская. Але жыццёвыя абставіны склаліся так, што я цяпер больш размаўляю па-руску», — паведаміў кіраўнік СПБ.

Ён распавёў, што «добра размаўляў па-беларуску», нават нягледзячы на тое, што ў школе беларуская мова вывучалася нароўні з нямецкай — два разы на тыдзень. Але далейшае расійскамоўнае навучанне, шматлікія паездкі па Савецкім Саюзе прывялі да таго, што «руская мова стала мовай зносін». «Сёння мне на ёй лягчэй выказаць свае думкі і ідэі», — заявіў пісьменнік.

Мікалай Чаргінец падкрэсліў, што «разумее значнасць захавання роднай мовы». Паводле яго слоў, беларускай мовай трэба займацца больш шчыльна. У якасці прыкладу, ён прывёў ініцыятывы СПБ па папулярызацыі беларускай мовы: пераклад назваў вуліц і населеных пунктаў на беларускую мову; стварэнне ў музеях Горадні і Мінску секцыяў, прысвечаных Васілю Быкаву; павелічэнне ганарараў пісьменнікам за творы на беларускай мове. «Палітызацыя дадзенага пытання з’яўляецца памылкай. Нельга думаць, што пстрыкнеш пальцамі і людзі загаварылі па-беларуску. Заявы тыпу, не ведаеш беларускай мовы — «чамадан, вакзал, Расія», ні да чаго добрага не прывядуць. Трэба пашыраць яе ўжыванне ненавязліва, паступальнымі мерамі», — лічыць кіраўнік Саюза пісьменнікаў.

Ён таксама прапанаваў ствараць гурткі для вывучэння беларускай мовы на дзяржаўных прадпрыемствах, у войску, МУС, КДБ, а таксама ў прыватных прадпрыемствах, «якія падтрымліваюць апазіцыю, але не хочуць і пальцам стукнуць для папулярызацыі беларускай мовы». «Давайце ўмацоўваць беларускую мову. Давайце ўспомнім, дзе мы жывем. І людзі будуць яе вывучаць», — падкрэсліў Мікалай Чаргінец.

Буйніч: ад беларускай мовы залежыць духоўнае адраджэнне краіны

У свядомым узросце вывучыў беларускую мову і настаяцель грэка-каталіцкай парафіі святога Язафата ў горадзе Ліда Гарадзенскай вобласці Андрэй Буйніч. «Кожны беларус павінен імкнуцца размаўляць па-беларуску. Але нікому не сакрэт, што ў нас у краіне большасць людзей размаўляе на расійскай мове. І ў мяне дома заўсёды размаўлялі па-расійску. Толькі ў студэнцкія гады я зразумеў, што сапраўдны патрыятызм павінен грунтавацца на беларускай мове», — адзначыў святар.

«У Беларускай Грэка-каталіцкай царквы ўся літургія вядзецца на беларускай мове. Вельмі важна для духоўнага адраджэння Беларусі, каб усе канфесіі краіны ўжывалі ў літургічным жыцці беларускую мову», — лічыць Андрэй Буйніч.

Як раней перадаваў Тэлеграф, паводле дадзеных перапісу насельніцтва, што праводзіўся ў 2009 годзе, беларускую мову лічыць роднай толькі 60% жыхароў Беларусі. Пры гэтым, штодня размаўляе па-беларуску толькі палова з іх — 30% усяго насельніцтва краіны. Асноўнай мовай жыхароў Беларусі з’яўляецца расійская. Усяго па-беларуску кожны дзень размаўляе 2,327 млн. чалавек, па-расійску — больш за 6 млн.

Даведка Тэлеграфа: 21 лютага было абвешчана Міжнародным днём роднай мовы ў 1999 годзе ЮНЕСКА па прапанове Бангладэшу для заахвочвання садзейнічання ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, талерантнасці і дыялогу. Дзень святкавання быў выбраны ў сувязі з тым, што 21 лютага 1952 загінулі пяцёра студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статусу дзяржаўнай у Пакістане. Пазней усходняя частка Пакістана была прызнана незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Как вам новость?
Головоломки