Гайдукевіч хоча стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі

08.07.2010 11:56
Архив Редакция

Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч плануе сабраць адзін мільён подпісаў у падтрымку сваёй кандыдатуры на пост прэзідэнта. Для гэтага да працы ў ініцыятыўнай групе палітык збіраецца прыцягнуць чатыры тысячычалавек.

Адначасова з гэтым, Сяргей Гайдукевіч не выключае, што яму давядзецца зняць сваю кандыдатуру ў сувязі з тым, што ўсе астатнія прэтэндэнты ў кандыдаты не здолеюць сабраць неабходныя 100 тыс. подпісаў. У гэтым выпадку ён застанецца адзіным апанентам дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Я ўвогуле баюся, шчыра вам кажу, што я застануся сам-насам. Бо больш ніхто подпісаў не збярэ. А калі я застануся адзін на адзін, то тады мне ўжо прачысцяць костачкі ўсе. Толькі лянівы не абзаве мяне ў той сітуацыі, якая будзе. І мне давядзецца здымацца», — выказаў свае перасцярогі лідар ЛДПБ.

Аднак, палітык пакуль не вырашыў для сябе канчаткова пытанне зняцця сваёй кандыдатуры. Нават калі да пачатку выбарчай кампаніі застанецца толькі дзве кандыдатуры, яго і Аляксандра Лукашэнкі, Сяргей Гайдукевіч не мае намеру здавацца і гатовы шукаць падтрымкі ў іншых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Лідар ЛДПБ выказаў надзею на тое, што ў такой сітуацыі «усе яны мяне падтрымаюць, адкінуўшы свае дурацкія амбіцыі». «Калі яны ўвогуле нешта хочуць мяняць у гэтай дзяржаве», — дадаў Сяргей Гайдукевіч.

Раней у інтэрв’ю Euramost.org Сяргей Гайдукевіч заяўляў аб тым, што сам ён не гатовы падтрымаць каго-небудзь з цяперашніх беларускіх палітыкаў, якія вылучаюць сябе ў якасці адзінага кандыдата ад апазіцыі.

«Я не бачу канкурэнта, які можа ў мяне выйграць! Я не бачу чалавека, які валодае хаця б на 10% маёй пазнавальнасцю і маім вобразам. Як я магу падтрымаць кагосьці, хто нават прыблізна не можа са мной спаборнічаць з нагоды рэйтынгу і пазнавальнасці?!», — кажа Сяргей Гайдукевіч.

І хаця, па словах самога Сяргея Гайдукевіча, разлічваць на падтрымку іншых прадстаўнікоў апазіцыі асабліва не варта, ён лічыць, што «рэсурсаў у партыі дастаткова» і ён «не спыніцца і будзе адзін рабіць усю працу за астатніх».

Как вам новость?