Ганчарык: беларуская апазіцыя наступае на тыя ж граблі

30.08.2010 15:18
Архив Редакция

Адзіны кандыдат ад апазіцыі на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2001 годзе Уладзімір Ганчарык лічыць, што цяпер апазіцыя наступае на тыя ж граблі, што і падчас папярэдніх выбараў. "Пасля папярэдніх выбарчых кампаній сур'ёзных высноваў апазіцыянеры так і не зрабілі", — заявіў палітык.

Асноўнымі памылкамі беларускай апазіцыі Уладзімір Ганчарык лічыць тое, што ў сярод палітыкаў няма адзінства, няма рэальнай мабілізацыі сілаў і сродкаў, з-за чаго ўпускаецца час, а таксама няма механізму процідзеяння фальсіфікацыям.

«Я схіляюся да таго што, без змянення ўмоваў правядзення выбараў верагоднасць перамогі апазіцыі роўная нулю. І тое, што апазіцыя спрабуе растлумачыць, што галоўнае — удзел, і мы пазмагаемся за розумы людзей, — усё гэта глупства», — сказаў Уладзімір Ганчарык, перадае беларуская служба Deutsche Welle.

Сам палітык, па яго словах, з’яўляецца прыхільнікам абрання адзінага кандыдата. Трэба ўлічваць той факт, што ў Беларусі пратэстныя настроі ў большасці выбаршчыкаў адсутнічаюць, таму без мабілізацыі сілаў і сродкаў вакол адзінага кандыдата дасягнуць рэальных вынікаў немагчыма, лічыць Уладзімір Ганчарык.

Ганчарык: асабістыя амбіцыі негатыўна адбіваюцца на апазіцыі

«Акрамя таго, па-мойму, тут гуляюць негатыўную ролю асабістыя амбіцыі. Частка патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты проста хочуць «засвяціцца» на гэтых выбарах. Яны маюць на гэта права, але павінна быць і пачуццё адказнасці. Бо важны не ўдзел у выбарах як такі, а іх вынік — змена гэтага рэжыму», — падкрэсліў палітык.

У той жа час заявы апазіцыянераў аб немагчымасці аб’яднання праз ідэалагічныя рознагалоссі Уладзімір Ганчарык лічыць спробай апраўдаць сябе. «Бо асноўныя прынцыпы, закладзеныя ў мемарандуме аб сумеснай стратэгіі апазіцыі, падтрымліваюцца ўсімі прэтэндэнтамі. Хто з апазіцыі выступіць супраць незалежнасці ці дэмакратыі ў Беларусі?», — дадаў палітык.

Уладзімір Ганчарык лічыць, што для перамогі на выбарах дэмакратычнага кандыдата беларускай апазіцыі неабходна як мага хутчэй аб’яднацца. «Шмат хто сёння пытаецца, за каго галасаваць, калі апазіцыя сама не можа дамовіцца. Але калі будзе дадзены ясны сігнал грамадству, выбаршчыкі перагледзяць свае погляды і падтрымаюць дэмакратычнага кандыдата», — заявіў палітык. Аднак важна, па словах Уладзіміра Ганчарыка, каб гэта адзінства было «не на словах, а на справе».

Как вам новость?
Головоломки