Гарачае лета падарвала імунітэт беларусаў

17.09.2010 11:19
Архив Редакция

У жніўні-верасні ў Беларусі адзначаецца 15-працэнтны рост захворвальнасці вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі (ВРВІ). Як патлумачыла галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іна Карабан, на зніжэнне імунітэту беларусаў паўплывала цяперашняе анамальна гарачае лета.

«Уздым захворвальнасці мог быць справакаваны гарачым надвор’ем, якое паслабіла імунітэт насельніцтва. Акрамя гэтага, у жніўні-верасні многія беларусы вярнуліся з адпачынкаў, прывезлі з адпачынку ў іншых краінах новыя інфекцыі. Таму значнае пахаладанне ў канцы жніўня выклікала рост захворвальнасці ВРВІ», — патлумачыла спецыялістка.

Зрэшты, па словах Іны Карабан, у цяперашні час узровень захворвальнасці на ВРВІ не перавышае эпідэмічных межаў і абумоўлены ў асноўным цыркуляцыяй негрыпозных рэспіраторных вірусаў — адэнавірусаў, рэспіраторна-сініцыіыяльнага вірусу, перадае БелаПАН.

Акрамя таго, галоўны эпідэміёлаг міністэрства лічыць, што шмат у чым павелічэнне колькасці хворых на абумоўлена яшчэ і тым, што людзі перастрахоўваюцца пасля эпідэміі грыпу ў 2009 годзе, якая многіх напалохала. Многіх насцярожваюць ўскладненні ВРВІ, галоўным чынам — пнеўманія. Таму людзі ахвотней звяртаюцца да лекараў, што, па словах Іны Карабан, з’яўляецца правільнай пазіцыяй. «Ні ВРВІ, ні грып не рэкамендуецца «лячыць» на нагах. Гэта асабліва небяспечна для людзей з рознымі хранічнымі захворваннямі», — растлумачыла спецыялістка.

У Беларусі эпідэмія грыпу можа пачацца ў снежні

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру па грыпе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру мікрабіялогіі і эпідэміялогіі Наталля Грыбкова паведаміла аб тым, што час пачатку эпідэміі грыпу будзе вызначаны тым, наколькі моцным апынецца імунітэт беларусаў. «Грып, як капрызная жанчына, непрадказальны ў сваіх паводзінах. Будзе слабым імунітэт, грып можа прыйсці і ў снежні», — растлумачыла спецыялістка.

Паводле яе слоў, на сённяшні дзень у Беларусі пакуль не зарэгістравана хворых менавіта на грып. «Сітуацыя з захворваннем на грып спакойная і ў сумежных краінах — Расіі, Украіне, Латвіі, Польшчы. Вірусы грыпу ў гэтых краінах рэгіструюцца вельмі рэдка», — адзначыла спецыяліст.

Наталля Грыбкова падкрэсліла, што для выпрацоўкі імунітэту неабходна вакцынавацца. Як расказала спецыялістка, зарэгістраваныя ў Беларусі вакцыны ўтрымліваюць штам пандэмічнага грыпу А(H1N1), які, як мяркуецца, будзе пераважаць у структуры вірусаў аналагічнага субтыпу на працягу наступных двух-трох гадоў. Гэта азначае, што А(H1N1) у час эпідэміі, магчыма, будзе выклікаць захворванні часцей за іншыя вірусы грыпу.

Лекары: у 2010 годзе беларусы будуць менш хварэць на грып А(H1N1)

Як запэўніваюць спецыялісты, у гэтым годзе захворвальнасць на грып А(H1N1) у Беларусі чакаецца ніжэшай, чым у мінулым. Па вопыце паўднёвых дзяржаў, якія перанеслі другі эпідэмічны сезон, эпідэмія насіла менш выразны характар у параўнанні з папярэдняй. Разам з тым, у гэтым сезоне эпідэмія была больш цяжкай ў тых рэгіёнах, дзе насельніцтва хварэла менш летась, і наадварот.

«Чакаецца, што ў Беларусі будуць хварэць менш, але ў вас ёсць шанец перахварэць на грып А(H1N1), калі вы не перанеслі яго раней», — растлумачыла спецыялістка.

Па ўдакладненых дадзеных, у 2009 годзе ў Беларусі грып перанесла 12% насельніцтва. «Гэта была эпідэмія сярэдняй інтэнсіўнасці», — патлумачыла Наталля Грыбкова. Між тым, аб колькасці памерлых і пра людзей, якія атрымалі ў якасці ўскладненні пнеўманію, спецыялісты не кажуць, аргументуючы гэта тым, што для медыцынскай статыстыкі складана размеркаваць гэта захворванне па відах узбуджальнікаў.
 
Як раней перадаваў Тэлеграф, у верасні ў Беларусі адзначаецца сезонны рост захворвальнасці вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі. Аднак, Іна Карабан запэўніла, што аб эпідэміі гаворка не ідзе. Між тым, у паліклініках Мінску, а таксама ў гарадскім цэнтры вакцынапрафілактыкі, некаторых медыка-санітарных частках і медцэнтрах пачалі вакцынацыю супраць грыпу на платнай аснове.

Как вам новость?
Головоломки