Гарбачоў: прадпрымальнікі пераводзяць свой бізнэс за межы Беларусі

08.04.2010 14:30
Архив Редакция

Лідар грамадскага руху «За вольнае прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў лічыць, што сітуацыя для прадпрымальнікаў у Беларусі істотна не палепшылася. "Яна настолькі цяжкая, што людзі ўжо часткова пачынаюць зачыняцца ці ў рэальнасці пераводзяць свой бізнэс за межы краіны, туды, дзе ёсць стабільнае заканадаўства і зразумелыя і ясныя прыбыткі", — сказаў эксперт.

Віктар Гарбачоў падкрэсліў, што цяпер больш за ўсё індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі хвалюе адсутнасць яснага, выразнага і зразумелага закона, які парламент абяцаў прыняць яшчэ да новага года. Па словах эксперта, разгляд гэтага пытання перанеслі на вясновую сесію парламента. «Аднак дагэтуль незразумела, што будзе з гэтым праектам закона пра падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу», — цытуе «Заўтра тваёй краіны» словы эксперта.

«Па-ранейшаму практычна штодня прымаюцца ўказы, дэкрэты, пастановы і распараджэнні, якія змяняюць ход усёй прадпрымальніцкай дзейнасці, прадпрымальнікі не паспяваюць за ўсім гэтым сачыць, несучы пры гэтым вялікія страты ў выглядзе велізарных штрафных санкцый. Штрафныя санкцыі нават павялічыліся ў параўнанні з тымі, што былі два-тры гады назад», — распавёў кіраўнік грамадскага руху «За вольнае прадпрымальніцтва».

Па словах Віктара Гарбачова, што хоць і выйшлі ўказы № 510 і № 518 пра арэнду і пра кантрольную дзейнасць, сітуацыя «працягвае заставацца незразумелай, а з боку кантралюючых органаў працягваюцца парушэнні правіл праверкі». Таксама нестабільнай застаецца аплата арэнды, умовы якой скачуць на 3-5%, адзначыў эксперт.

Гарбачоў: улады гатовыя даць трохі паслаблення і вярнуць «іпэчнікам» наёмных асобаў

Па словах лідара грамадскага руху «За вольнае прадпрымальніцтва», у траўні гэтага года для індывідуальных прадпрымальнікаў будуць падвышаныя стаўкі па падатках ад 8 да 15% у залежнасці ад абласцей, таму што стаўкі па падатках прымаюць абласныя саветы дэпутатаў.

«У Магілёўскай вобласці наогул незразумелая сітуацыя, кажуць, што падатковыя стаўкі там будуць падвышаны на 40-50%, — распавёў Віктар Гарбачоў. — У Віцебскай вобласці стаўкі павялічаць на 8-12%, у Гомельскай — на 3%, у Мінскай — на 10%».

Закранаючы магчымасці для ІП ізноў выкарыстоўваць наёмных працаўнікоў, якія не з’яўляюцца іх бліжэйшымі сваякамі, эксперт мяркуе, што ўлады «ў гэты крызісны момант гатовыя даць трохі паслаблення і вярнуць «іпэчнікам» наёмных асобаў. «Маўляў, хай галаўны боль — беспрацоўе — на сябе возьмуць прадпрымальнікі. Такім чынам, улады спадзяюцца папоўніць Фонд сацыяльнай абароны. Але калі ў прадпрымальніцтва вернуцца наёмныя асобы, дык падатковыя паступленні, магчыма, будуць павялічаны», — лічыць Віктар Гарбачоў.

Аднак сёння прадпрымальнікам трэба нанова наладжваць сістэму наймання працаўнікоў, прапрацоўваць зварот дакументацыі, ажыццяўляць папаўненні ў бюджэт у выглядзе вызначаных выплат, падкрэсліў эксперт.

«Таму ці наўрад вернуцца ў малы бізнэс усе тыя, хто з яго сышоў. Але са 100 тых наёмных твараў, хто сышоў у 2008 годзе, чалавек 20-30 могуць вярнуцца ў прадпрымальніцкую дзейнасць. Яны будуць скарыстаныя буйнейшым бізнэсам», — мяркуе кіраўнік грамадскага руху «За вольнае прадпрымальніцтва».

Как вам новость?
Головоломки