Гаспадарчы суд разгледзіць яшчэ адзін іск у дачыненні да "Руху наперад" Някляева

29.07.2010 16:17
Архив Редакция

Гаспадарчы суд Мінску 29 ліпеня разгледзіць другі іск Мінскага гарадскога выканаўчага камітэту ў дачыненні да даследча-асветніцкай установы «Рух наперад». Дырэктарам «Руху» з'яўляецца лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў.

На гэты раз Мінгарвыканкам просіць прызнаць несапраўднай дамову арэнды памяшкання паміж «Рухам наперад» і ТАА «Тина Влати». Папярэдняе слуханне па дадзеным іску адбылося 20 ліпеня, паведамляе БелаПАН.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара кампаніі «Тина Влати» Ірыны Паляшчук, прэтэнзіі Мінгарвыканкама не абгрунтаваныя. Дамову арэнды заключылі ў адпаведнасці з планам памяшкання, выдадзеным рэспубліканскім упраўленнем па зямельным кадастры. У ім было абумоўлена, што памяшканне прызначана для адміністрацыйных мэтаў, распавяла Ірына Паляшчук.

Раней тры розныя арганізацыі арандавалі пад офіс дадзенае памяшканне, і тады пытанняў з гэтай нагоды ў Мінгарвыканкаму не ўзнікала, адзначыла намесніца дырэктара «Руху наперад» Ніна Пахлопка.

Па словах праваабаронцы Раісы Міхайлоўскай, прэтэнзіі Мінгарвыканкама будуюцца на тым, што функцыянальнае прызначэнне памяшканняў, якія арандуюцца па праспекце Машэрава, 54-5, — гандлёвае, што ўказана ў тэхнічным пашпарце гарадскога агенцтва нерухомасці. Аднак у спецыяльным дадатку дамовы арэнды дадзенае памяшканне вызначаецца як адміністрацыйнае. У гэтым жа дадатку ўказана, што дамову арэнды бакі заключалі з мэтай вядзення адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці. «Гэта значыць, што бакі не парушалі беларускага заканадаўства, заключаючы гэтую дамову», — падкрэсліла Раіса Міхайлоўская.

Прадстаўнікі «Руху наперад» новы судовы працэс разглядаюць як фактычны працяг першага іску Мінгарвыканкама па ліквідацыі іх арганізацыі.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 7 ліпеня гаспадарчы суд горада Мінску не задаволіў іск Мінгарвыканкама аб ліквідацыі даследча-асветніцкай установы «Рух наперад».

Как вам новость?
Головоломки