«Гавары праўду!» падала скаргі ў ФІФА, УЕФА і КХЛ

13.09.2010 10:38
Архив Редакция

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Падалі скаргі ў ФІФА, УЕФА і КХЛ на парушэнне іх правоў як заўзятараў. Як паведаміў адзін з актывістаў Юры Алейнік, 11 верасня скаргі былі накіраваныя адрасатам па факсе. "Акрамя таго, мы прадублюем гэтыя скаргі заказным лістом", — сказаў актывіст кампаніі.

Акрамя таго, сем чалавек ужо падалі скаргі ў пракуратуру Ленінскага раёна Мінску па факце іх затрымання, якое яны лічаць незаконным. Яшчэ некалькі скаргаў будзе пададзена ў пракуратуру Цэнтральнага раёна сталіцы ў сувязі з затрыманнем актывістаў кампаніі ў спорткомплексе «Мінск-Арэна», паведамляе БелаПАН.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, 7 верасня супрацоўнікі мінскай міліцыі затрымалі непаўналетніх падлеткаў, якія збіраліся паглядзець футбол Беларусь-Румынія на сталічным стадыёне «Дынама» за майкі з надпісамі «Гавары праўду! Праўда пераможа!». Маладых людзей трымалі ў пастарунку Ленінскага РАУС Мінску больш за тры гадзіны, у выніку чаго яны так і не змаглі трапіць на матч, нягледзячы на набытыя квіткі.

9 верасня ў спорткомплексе «Мінск-Арэна» было затрымана каля 15 актывістаў кампаніі. Аматары хакею прыйшлі на матч Кантынентальнай хакейнай лігі між «Дынама» (Мінск) і «Тарпеда» (Ніжні Ноўгарад). Ахова «Мінск-Арэны» патрабавала расшпіліць вопратку і паказаць, у якія майкі яны апранутыя. Усіх, у каго знайшлі майку з лагатыпам кампаніі «Гавары праўду!», затрымалі і даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна Мінску.

Как вам новость?