"Газпром": не трэба хвалявацца — Беларусь возьме і заплоціць

17.06.2010 16:23
Архив Редакция

Намеснік кіраўніка расійскага газавага манапаліста Валеры Голубеў заявіў, што Беларусь абяцае разлічыцца з даўгамі за пастаўкі расійскага газу. Пры гэтым прадстаўнік "Газпрома" не ўдакладніў магчымыя тэрміны пагашэння Беларуссю запазычанасці за расійскі газ, сказаўшы толькі, што "не варта хвалявацца — беларускі бок возьме і заплоціць".

«Беларусь кожны дзень абяцае заплаціць», — сказаў Валеры Голубеў, адказваючы на пытанні журналістаў аб тым, як ідуць перамовы з Беларуссю. Аднак, намеснік кіраўніка «Газпрома» не назваў магчымы аб’ём скарачэння паставак газу ў выпадку непагашэння Беларуссю запазычанасці, паведамляе РИА «Новости».

Па словах прадстаўніка расійскага газавага манапаліста, усё стане вядома 21 чэрвеня.

Раней, як ужо паведамляў Тэлеграф, афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў паведаміў, што «Газпром» папярэдзіў Беларусь аб надыходзячым абмежаванні паставак газу ў краіну ў выпадку адмовы Беларусі ад пагашэння пратэрмінаванай запазычанасці «Белтрансгаза» у памеры 200 млн. даляраў.

Па словах Сяргея Купрыянава, «Газпром» прапанаваў распачаць «вычарпальныя меры па пагашэнні назапашанай запазычанасці да 21 чэрвеня».

Да гэтага, 16 чэрвеня прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядзведзеў на сустрэчы са старшынёй праўлення «Газпрома» Аляксеем Мілерам даў Беларусі пяць дзён на тое, каб вызначыцца з аплатай доўгу за пастаўляны ў 2010 годзе расійскі газ. Па словах расійскага лідара, гэты тэрмін вызначаны «з улікам таго, што мы з Беларуссю ўзаемадзейнічаем у партнёрскім ключы».

Как вам новость?
Головоломки