«Газпром» вырашыў інвеставаць у энергетыку Беларусі

08.09.2010 10:00
Архив Редакция

Расійскі газавы манапаліст "Газпром", які з'яўляецца адначасова найбуйнейшым інвестарам у электраэнергетыку Расіі, плануе аб'яднаць свае энергаактывы і стварыць адзіную кампанію. Кошт новай энергаструктуры, якая стане самай буйной у РФ, можа дасягнуць 12 млрд. даляраў. Беларусь называецца адным з прыярытэтных замежных рынкаў для яе інвестыцыяў.

Акрамя таго, «Газпромэнергахолдынг», які валодае энергаактывамі «Газпрома», плануе таксама асвойваць рынкі Украіны, краін Прыбалтыкі, Фінляндыі, Казахстана, Румыніі, Балгарыі, Турцыі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Індыі і Кітая. На ўнутраным расійскім рынку кампанія можа заняцца размеркаваннем электраэнергіі, цепла-і водазабеспячэннем, развіццём тэлекамунікацыяў, паведамляюць «Ведомости».

Як паведаміла прадстаўніца «Газпромэнергахолдынга» Марыя Фралова, механізм зліцця чатырох даччыных кампаній («Мосэнерга», ТГК-1, ОГК-2 і ОГК-6) вывучаюць кансультанты. У выпадку паспяховага аб’яднання дачок «Газпромэнергахолдынг» створыць найбуйнейшую энергакампанію Расіі з усталяванай магутнасцю станцыяў 36 гігават. Адзіная кампанія зможа заняць 12-е месца ў свеце, заявілі ў «Газпромэнергахолдынгу». Пры гэтым аб’яднанне толькі ОГК-2 і ОГК-6 дазволіць стварыць чацвертую з найбуйнейшых энергакампаній Расіі магутнасцю 17,8 гігават.

У снежні савет дырэктараў «Газпрома» разгледзіць стратэгію развіцця энергаактываў на 10 гадоў. Ключавой задачай станецца павелічэнне кошту бізнэсу. «Газпромэнергахолдынг» разлічвае, што да 2015 года рэнтабельнасць ягоных генеравальных актываў па EBIT складзе 15%. Рост выручкі кампаній ў 2010-2015 гады таксама павінен скласці 15% на год.

Как вам новость?