Gemius Belarus: беларуская інтэрнэт-аўдыторыя вырасла на 500 тыс. чалавек

22.03.2011 14:17
Архив Редакция

Па дадзеных даследаванняў Gemius, беларуская інтэрнэт-аўдыторыя за год павялічылася на 16,73%, з 3,02 млн. чалавек у студзені 2010 года да 3,5 млн. чалавек у студзені 2011 года. Пра гэта паведаміў Міхаіл Дарашэвіч, які з'яўляецца прадстаўніком праекту Gemius Belarus - агенцтва па онлайн-даследаваннях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Паводле яго слоў, інтэрнэт-карыстальнікам называецца чалавек, які цягам месяца хоць бы раз скарыстаўся інтэрнэтам. Даследаванне праводзілася ў студзені 2011 года, перадае БелаПАН.
 
Паводле дадзеных даследавання, па гендэрным крытэры аўдыторыя беларускага інтэрнэту выглядае наступным чынам: 51,18% карыстальнікаў мужчыны, 48,82% — жанчыны. Асноўная маса беларускіх карыстальнікаў — людзі ва ўзросце 25-34 гадоў (28%) і моладзь 19-24 гадоў (26,4%). Колькасць карыстальнікаў ва ўзросце 15-18 гадоў складае 10,31%, 35-44 гадоў — 18,3%, 45-54 гадоў — 12,3%, ад 55 гадоў і вышэй — 4,5%.

Праведзенае апытанне паказала, што 33,2% беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў маюць вышэйшую адукацыю, 19,5% — поўную сярэднюю, 26,7% — сярэднюю спецыяльную, 11,9% — няскончаную вышэйшую, 7% — няскончаную сярэднюю.

Што тычыцца сямейнага становішча, то амаль 43% беларускіх карыстальнікаў не жанатыя/не замужам, 6% — жывуць у грамадзянскім шлюбе.

Па родзе заняткаў большасць карыстальнікаў — 17,7% — школьнікі і студэнты, за імі ідуць спецыялісты/вядучыя спецыялісты — 16,4%, інжынеры/рабочыя на вытворчасці — 10,5%, спецыялісты ў бюджэтнай ўстанове — 6,25%, офісныя працаўнікі — 5,43%.

У рэгіянальным разрэзе больш за 39% апытаных пражываюць у Мінскай вобласці, каля 15% — у Берасцейскай, 12,8% — у Віцебскай, каля 13% — у Гомельскай, 9,83% — у Магілёўскай, 9,5% — у Гарадзенскай.

Пры гэтым 71,48% апытаных адзначылі, што карыстаюцца інтэрнэтам кожны дзень, 17,28% — тры-пяць разоў на тыдзень, 8,26% — адзін-два разы на тыдзень, амаль 3% — адзін-тры разы ў месяц.

У якасці месца доступу каля 90% рэспандэнтаў паказалі выхад у інтэрнэт з дому, 27,86% карыстаюцца інтэрнэтам на працоўным месцы. Амаль 48% рэспандэнтаў для гэтых мэтаў выкарыстоўваюць шырокапалосны доступ, каля 18,5% — мадэмнае злучэнне, 5,5% — мабільную сувязь, 3,3% — Wi-Fi.