Гендырэктара "Беларусьфільма" прызначыць Лукашэнка

26.01.2011 17:10
Архив Редакция

У Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі падалі спіс кандыдатураў на пасаду гендырэктара "Беларусьфільма". Як распавёў драматург і сцэнарыст Андрэй Курэйчык, кандыдатаў як мінімум трое. Аднак іх імёны пакуль не называюцца. Пры гэтым сам драматург мяркуе, што выніковае рашэнне аб прызначэнні будзе прымаць прэзідэнт. 

«Хто гэта будзе, складана сказаць. Я ведаю, што падалі як мінімум тры кандыдатуры. З тых, хто вырашыўся на гэты крок, склалі спіс і адправілі наверх. Выніковае рашэнне будзе прымаць, мяркую, прэзідэнт», — цытуе Андрэя Курэйчыка «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Не ўсе, каго б хацелі бачыць на гэтай пасадзе, згаджаюцца на прапанову», — сказаў сцэнарыст. Сам Андрэй Курэйчык, у якога даволі складаныя адносіны з кінастудыяй, дадае, што сябе ў якасці кіраўніка «Беларусьфільма» не бачыць. Па словах драматурга, яму не хапае вопыту кіравання буйной арганізацыяй.

У сваю чаргу ў міністэрстве культуры пацвердзілі, што кандыдатуры на пасаду гендырэктара «Беларусьфільма» (Уладзіміру Замяталіну, які займаў гэтую пасаду, не працягнулі кантракт) сапраўды ўжо ёсць, але называць іх адмовіліся. «Кандыдатуры, вядома, ёсць. Ёсць з каго выбіраць, але канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае», — распавяла прэс-сакратар міністэрства Ганна Смольская.

Кінакрытыкі: хто б ні ўзначаліў «Беларусьфільм», на кантэнт беларускага кіно гэта не паўплывае

Між тым, у самім «Беларусьфільме» дадзенае пытанне не каментуюць, спасылаючыся на тое, што гэтымі справамі займаецца Міністэрства культуры, а не кінастудыя.

Калі стала вядома аб тым, што з Уладзімірам Замяталіным не працягнулі кантракт, супрацоўнікі кінастудыі нават збіралі подпісы, каб яго пакінулі гендырэктарам, і таксама звярталіся да кіраўніка дзяржавы. У мінкульце ж спаслаліся на пенсійны ўзрост былога дырэктара нацыянальнай кінастудыі.

Аднак хто б ні узначаліў «Беларусьфільм», на кантэнт беларускага кіно і на агульную генеральную лінію гэта не паўплывае, лічыць кінакрытык Максім Жбанкоў. «Гэта адміністрацыйная структура, а не крэатыўная група. Яна залежыць ад вышэйшага кіраўніцтва і працуе ў канцылярска-дырэктыўным фармаце. Тое, што з Замяталіным «Беларусьфільм» не здолеў зрабіць чаканага уладай: оскараносную стужку або экранны бэстсэлер — гэта ўсё стала падставай для сыхода Замяталіна. Але змены ў кіраўніцтве нічога не вырашаюць, бо «Беларусьфільм» не з’яўляецца незалежнай структурай».

Акрамя таго, кінакрытык лічыць, што ў цяперашні час вакол вакансіі гендырэктара ідзе сапраўдная барацьба. «Таму канчатковы вынік непрадказальны», — мяркуе Максім Жбанкоў.

Как вам новость?