Генеральны сакратар ААН настойвае на вызваленні апазіцыянераў

02.02.2011 12:13
Архив Редакция

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун 1 лютага ў чарговы раз заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх затрыманых удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску. У гэты ж дзень з заклікам спыніць пераслед незалежных журналістаў выступіла прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч.

Генеральны сакратар ААН выказаў занепакоенасць з нагоды паведамленняў аб пераследах палітычных апанентаў дзейнага кіраўніцтва Беларусі, а таксама з нагоды таго, што затрыманыя 19 снежня апазіцыянеры да гэтага часу застаюцца пад арыштам. Пан Гі Мун зноў заклікаў беларускія ўлады да павагі нормаў права, дэмакратычных прынцыпаў і абароны правоў чалавека, паведамілі ў ААН.

У сваю чаргу прадстаўніца АБСЕ па пытаннях СМІ Дуня Міятавіч звярнула ўвагу на праблемы са свабодай СМІ ў Беларусі, якія абвастрыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у краіне. Дуня Міятавіч выказала шкадаванне з нагоды таго, што беларускія ўлады не дазволілі ёй наведаць Беларусь у студзені. Прадстаўнік АБСЕ двойчы накіроўвала лісты кіраўніку МЗС Беларусі Сяргею Мартынаву з просьбай арганізаваць яе візіт у канцы студзеня, аднак так і не атрымала дазвол на візіт, перадае БелаПАН.

Міятавіч заклікала зняць абвінавачанні з Радзінай і Халіп

Дуня Міятавіч 1 лютага заявіла, што, згодна з ўзятымі на сябе ў рамках АБСЕ абавязацельствамі па свабодзе СМІ, беларускія ўлады павінны вызваліць і зняць усе абвінавачанні з журналістак Наталлі Радзінай і Ірыны Халіп, якіх абвінавачваюць у арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня 2010 года ў Мінску. Акрамя таго, прадстаўніца АБСЕ заклікала ўлады Беларусі «спыніць затрыманні, ператрусы і іншыя формы пераследу прэсы».

Дуня Міятавіч таксама адзначыла, што АБСЕ па-ранейшаму адкрыта для супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі «ў справе выканання імі абавязацельстваў у рамках АБСЕ».

Як раней перадаваў Тэлеграф, сілавы разгон мірнай акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску і наступныя затрыманні і арышты апазіцыянераў сусветная супольнасць расцаніла як парушэнне правоў чалавека. Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун 10 студзеня выступіў з заявай, у якой заклікаў улады Беларусі вызваліць апазіцыйных лідараў, іх прыхільнікаў і журналістаў, затрыманых за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску.

З аналагічнай заявай выступіла прадстаўніца АБСЕ па пытаннях СМІ Дуня Міятавіч. Яна таксама выказала сваю гатоўнасць прыехаць у Мінск і дапамагчы беларускім уладам выканаць абавязацельствы па свабодзе СМІ, якія яны ўзялі на сябе ў рамках АБСЕ.

Как вам новость?